Земля любит внимание

Садоўніцкае таварыства "Вяснянка" займае 32 гектары ў вельмі зручным месцы: побач з азёрамі Міёрскім і Асінаўкай, куды хутка можна нават дайсці пешшу ці даехаць на веласіпедзе. Пакуль было цёпла, дачнікі, хто кожны дзень— іншыя толькі па выхадных, на сваіх участках адпачывалі ад працоўных спраў, з задавальненнем вырошчвалі не толькі кветкі, агародніну, ягады і садавіну, але і розныя "экзоты" — ад кавуноў да персікаў. А як было прыемна паглядзець на акуратныя садовыя домікі, акружаныя кветнікамі. Але дачны сезон закончыўся, можна пагаварыць пра будзённае і праблемы, пра другі бок жыцця садоўніцкага таварыства.

Дык вось, садоўніцкае таварыства—гэта некамерцыйная арганізацыя, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове членства грамадзян, выкарыстання прадастаўленых для вядзення калектыўнага садоўніцтва зямельных участкаў у мэтах вырошчвання пладовых, ягадных, агароднінных, дэкаратыўных і іншых культур, стварэня ўмоў для адпачынку, задавальнення іншых патрэб яго членаў.
На прадастаўленых, але не апрацоўваемых і пустуючых участках мне, як асобе нераўнадушнай і непасрэдна працуючай з зямлёй, і ёсць патрэба прыпыніцца.

Паважаныя члены таварыства, успомніце пра свае "фазэнды", на якіх вы на працягу некалькіх гадоў ці толькі сёлета не з’яўляліся, або якія "перадалі" суседу, знаёмаму, калегу. Дакументы і правы "на соткі", а таксама членства аформлены на вас, таму ля зарасляў быльнягу і пустазелля, куч хламу не спасылайцеся на занятасць, на суседа, на каго ці на што іншае, —штраф давядзецца плаціць вам.
Так, частка 2 артыкула 15.10 кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў прадугледжвае, што парушэнне парадку зняцця, выкарыстання і захавання ўрадлівага слою глебы пры правядзенні работ або парушэнне парадку кансервацыі дэградаваных сельгасугоддзяў, невыкананне абавязковых мерапрыемстваў па абароне ўчастка ад ветравой ці воднай эрозіі ці іншых працэсаў разбурэння, невыкананне іншых патрабаванняў па ахове зямель караецца штрафам да 20 базавых велічынь.

Акрамя таго, землекарыстальнікі абавязаны ажыццяўляць мерапрыемствы па ахове зямель у адпаведнасці з патрабаваннямі, выкладзенымі ў частцы першай арт. 89 кодэкса аб зямлі. Майце на ўвазе, што прыкметамі правапарушэнняў з'яўляюцца:
не зняцце ўрадлівага слою пры будаўніцтве і ншых работах, што звязаны з парушэннем зямлі;
не забеспячэнне захаванасці знятага ўрадлівага слою;

выкарыстанне знятага ўрадлівага слою неадпаведна праекту ці рашэнню;
захламленне ўчастка бытавымі ці іншымі адходамі, зарастанне драўнінна-хмызняковай расліннісцю і пустазеллем;
выкарыстанне ўчастка неэфектыўна і не ў поўнай меры;
не праведзены работы па абароне зямель ад воднай і ветравой эрозіі, шкодных хімічных і іншых уздзеянняў;
не выкананы патрабаванні па захаванні торфа-балотных глеб пры выкарыстанні сельгасзямель, не папярэджана мінералізацыя тарфянікаў;
не праведзена аднаўленне дэградзіраваных зямель.
Так, сёлета пры абследаванні зямель садоўніцкага таварыства аштрафаваны чатыры яго члены на 0,5 базавай велічыні кожны. Таму і вы пры перадачы сваіх участкаў не забудзьцеся пра іх пераафармленне ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

Алена ШАЎЧОНАК,
начальнік землеўпарадкавальнай службы.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.