З1 лістапада адкрыты асенне-зімовы сезон палявання на пушную дзічыну, які будзе доўжыцца да 25 студзеня. На працягу гэтага перыяду дазволена стрэльбавая і безружэйная здабыча зайцоў русака і беляка, вавёркі, куніцы лясной і каменнай, амерыканскай норкі, андатры і ляснога тхара.
На зайцоў выкарыстоўвайце гладкаствольную паляўнічую зброю і патроны са шротам, паляўнічых сабак любых парод. На вавёрак, куніц, норку амерыканскую, андатру, ляснога тхара палююць з гладкаствольнай паляўнічай зброяй з патронамі са шротам, наразной паляўнічай зброяй калібра 5,6 мм, паляўнічай пнеўматычнай зброяй з дульнай энергіяй 7,5-25 джоўляў, сабакамі ўсіх парод, акрамя ганчакоў і хартоў. На ўсе названыя віды жывёл дазволена выкарыстоўваць капканы №0-3 і пасткі (акрамя петляў), калі паляванне без зброі. Са зброяй паляваць можна ў светлы час сутак у суботу, нядзелю, па дзяржаўных святах, святах, аб'яўленых нерабочымі днямі, у асобныя рабочыя дні пры пераносе выхадных. Бязружэйнае паляванне дазволенымі спосабамі праводзіцца ва ўсе дні тыдня.
У час палявання дазваляецца ўскрываць сховішчы дробных пушных жывёл, бабровыя норы і плаціны, норы лісіц і янотападобных сабак.
Паляўнічым дазваляецца здабыча ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай, сарокі, адстрэл бадзячых катоў і беспародных сабак пры любым законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях у мэтах палявання. Але забараняецца выкарыстоўваць прылады і спосабы палявання, якія не прадугледжаны ў гэтыя тэрміны для палявання на жывёл, здабыча якіх ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пуцёўкай.
Бадзячымі лічацца каты і беспародныя сабакі, якія знаходзяцца без гаспадара ў паляўнічых угоддзях больш за 300 метраў ад населеных пунктаў.
Паляўнічыя не павінны забываць пра іншыя патрабаванні Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання:
- забаронена нашэнне і (ці) выкарыстанне ў паляўнічых угоддзях у час палявання непрадугледжаных відаў паляўнічай зброі з наразным ствалом, паляўнічых лукаў і арбалетаў, а таксама патронаў з кулямі ці карцеччу;
- на паляванні трэба мець пры сабе дзяржпасведчанне на права палявання (сапраўднае пры наяўнасці карткі ўліку парушэнняў і ўплаце дзяржпошліны, якая ўносіцца да пачатку палявання і пацвярджае права палявання на працягу 12 месяцаў), паляўнічую пуцёўку, дазвол органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі, рэгістрацыйныя дакументы на паляўнічых сабак ці лоўчых птушак, выдадзеныя РДГТ "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў";
- паляванне праводзіцца ў месцах, указаных у паляўнічай пуцёўцы ці пуцёўцы да дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы;
- забараняецца паляванне ў забароненых для гэтага зонах і месцах ці ў забаронены час.
Д. ПАЛУЭКТАЎ, дзяржінспектар
Браслаўскай міжрайінспекцыі.