Асенне-зімовае паляванне

1 кастрычніка пачынаецца паляванне на лася, казулю і дзіка. Яно доўжыцца да 15 лістапада ружэйным загонам і з сабакамі—у светлы час, з засады і з падыходу—на працягу сутак.

Для здабычы лася і дзіка старэй двух гадоў дазваляецца выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў і гладкаствольныя ружжы з выкарыстаннем толькі кулявых патронаў. Для казулі і маладняку дзіка да двух гадоў—наразную паляўнічую зброю з энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольныя ружжы з кулявымі патронамі і патронамі з карцеччу ў 6,5 мм і больш.

Пералік патронаў з дульнай энергіяй указаны ў заўвагах да дадатка 11 правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

У гэты перыяд на паляванні дазваляецца выкарыстанне асвятляльных прыбораў, аптычных прыцэлаў, прыстасаванняў начнога бачання, а таксама паляўнічых сабак—тэр’ераў, таксаў, шпіцаў і прымітыўных парод. Толькі яны павінны быць зарэгістраваны ў таварыстве паляўнічых і рыбаловаў.

Паляванне можна весці загонам у суботу, нядзелю, панядзелак, аўторак, на дзяржаўныя святы і ў святочныя дні. А пры правядзенні паляўнічых тураў і паляванне з засады і з падыходу—ва ўсе дні тыдня.

Паляўнічым трэба ўлічваць тэрміны дзеяння дазволаў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі, уплату дзяржпошліны на права палявання.

У час палявання неабходна мець пры сабе адпаведнае дзяржаўнае пасведчанне, картку ўліку парушэнняў і ўплаты дзяржпошліны, дазвол на захоўванне і нашэнне зброі, рэгістрацыйныя дакументы на сабак і лоўчых птушак, пуцёўку. Знаходжанне ў паляўнічых угоддзях з расчахлёнай зброяй і сабакамі, спушчанымі з павадка, без пуцёўкі прыраўноўваецца да незаконнага палявання.

Забараняецца выкарыстоўваць няспраўную паляўнічую зброю; садзіцца ў транспарт і высаджваць з яго з зараджаным ружжом; страляць на гук, шоргат, па дрэнна бачнай цэлі; даставаць сабраную зброю за ствалы з лодкі ці іншых транспартных сродкаў; страляць і нават знаходзіцца з зараджанай зброяй у населеных пунктах і бліжэй 200 м да іх, дабіваць прыкладам параненую дзічыну.

Д. ПАЛУЭКТАЎ, дзяржінспектар Браслаўскай МРІ АЖ і РС.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.