О охоте

Неаднойчы ў інспекцыю паступалі пытанні з просьбай растлумачыць некаторыя пункты Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Паняцце “зараджаная паляўнічая стрэльба” — гэта зброя з забяспечаным патронамі магазінам але без яго ў патронніку, ці толькі з ім?

Калі для паляўнічай стрэльбы, канструкцыяй якой не прадугледжана наяўнась магазіна (гладкаствольныя, наразныя штуцары, камбінаваныя з двума і больш стваламі), усё зразумела, і яна лічыцца зараджанай пры наяўнасці патрона ў патронніку любога ствала, то для зброі, дзе ёсць магазін (самазарадная паўаўтаматычная гладкаствольная або наразная паляўнічая, магазінная стрэльба і карабіны з ручной падачай патрона ў патроннік) магчымы розныя варыянты, паколькі значэнне паняцця “зараджаная стрэльба” не ўстаноўлена Правіламі, а таксама заканадаўствам аб зброі. Аднак тлумачэнне ёсць у Статуце гарнізоннай і каравульнай служб Узброеных Сіл РБ: “Зброя зараджаецца па правілах, указаных у інструкцыях па стралковай справе для адпаведных яе відаў, прытым патрон у патроннік не дасылаецца. Аўтамат зараджаецца запоўненым магазінам. Карабін зараджаецца запоўненым магазінам”.

 

Такім чынам, паляўнічая зброя, дзе ёсць магазін, лічыцца зараджанай пры наяўнасці патронаў у ім. Паляўнічая гладкаствольная самазарадная зброя марак МЦ, МР і іншых лічыцца зараджанай пры наяўнасці патронаў у магазіне, які з’яўляецца неад’емнай часткай зброі.

 

Ці можа паляўнічы, які ўдзельнічае ў загонным паляванні, калі прадукцыя выкарыстоўваецца для асабістых мэт, а ён знаходзіцца ў загоне, не плаціць за пуцёўку на разавы дазвол на здабычу жывёлы з запісам у паляўнічай пуцёўцы на ненармаваныя віды жывёл — без права здабычы?

—   Плата за здабычу жывёлы спаганяецца з кожнага, хто ўдзельнічае ў паляванні і мае на яе права. Калі хтосьці не заплаціў за пуцёўку да разавага дазволу на здабычу, яму забаронена паляваць (акрамя асоб, якія аказваюць егерскія паслугі), пры гэтым робіцца паметка ў пуцёўцы. Яму нельга здабываць жывёл, якія пералічаны ў дадатку 2 да Правіл.

 

Паляўнічыя, якія не заплацілі кошт паляўнічай пуцёўкі да разавага дазволу і маюць запіс у ёй “без права здабычы” па ўзгадненні з кіраўніком палявання могуць удзельнічаць у паляванні без стрэльбы. Дазволена выкарыстанне сабак, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку.

 

З паляўнічай зброяй прымаць удзел у паляванні на жывёл нармаваных відаў без аплаты пуцёўкі могуць па рашэнні карыстальніка паляўнічых угоддзяў асобы, якія працуюць там па працоўным або грамадзянска-прававым дагаворы і аказваюць егерскія паслугі. Прытым толькі са згоды паляўнічых, што маюць права здабычы (заплацілі за пуцёўку). Гэта не распаўсюджваецца на арганізацыю і правядзенне палявання па здабычы паляўнічых жывёл з мэтай іх выкарыстання ў эканамічнай дзейнасці карыстальніка ўгоддзяў.

 

•      Нагадваем, што 1 кастрычніка адкрыўся сезон палявання на андатру, норку амерыканскую (жывёл любога полу і ўзросту) у светлы час сутак. Працягнецца ён да 31 студзеня 2013 года.

 

•      З 3 лістапада да 27 студзеня 2013 г. у светлы час сутак на тэрыторыі РБ дазволена паляванне на зайца-беляка, зайца-русака, вавёрку звычайную, гарнастая, куніцу лясную і каменную, тхара ляснога, жывёл любога полу і ўзросту.

 

Дазволены ружэйны спосаб палявання, у тым ліку з сабакамі, з засады, з падыходу, загонам, безружэйны. Першы дазволены ў суботу і нядзелю, а таксама ў вызначаныя карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў іншыя два дні на тыдзень, у дзяржаўныя святы і святочныя дні, аб’яўленыя прэзідэнтам непрацоўнымі і іншыя нерабочыя ў выпадку іх пераносу Саўмінам на выхадныя. Пры ружэйным спосабе палявання на зайца дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную стрэльбу з патронамі, зараджанымі шротам, на вавёрку звычайную, гарнастая, куніцу лясную і каменную, тхара ляснога можна прымяняць наразную зброю калібру 5,6 мм з дульнай энергіяй кулі да 1500 джоўляў і гладкаствольную з патронамі са шротам, а таксама браць з сабою сабак усіх груп. На зайца-беляка і русака дазволена паляванне з засады і загонам, але толькі з гладкаствольнай стрэльбай са шротам.

 

Калі ласка, захоўвайце тэхніку бяспекі і прытрымлівайцеся Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

 

В. МАРХЕЛЬ,

дзяржінспектар

Браслаўскай МРІ АЖ і РС.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.