З 11 жніўня адкрываецца паляванне на вадаплаўную і балотную дзікую птушку, вальдшнэпа, вяхіра, голуба шызага, перапёлку, з 1 верасня — на рабчыка і шэрую курапатку, з 15 верасня — на пралятаючых гусей. Летне-асенні сезон здабычы гэтай дзічыны завяршаецца 9 снежня.
Цяпер можна здабываць гуся белалобага і шэрага, гуся-гуменніка, канадскую казарку.
Паляваць дазваляецца па суботах, нядзелях, панядзелках, аўторках і ў святочныя дні ў светлы час сутак.
Спосабы здабычы: ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу ці з засады, з падманьваннем, з пад’езду з маламерных суднаў, безружэйны. Можна пры паляванні выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю і патроны са шротам; паляўнічых сабак усіх відаў, акрамя гончых і хартоў (борзых); маламерныя судны без рухавікоў ці з непрацуючымі. Замест стрэльбы можна браць лоўчых птушак.
Кошт паляўнічых пуцёвак на пярнатую дзічыну вагаецца ад 25 да 300 тысяч рублёў. Прычым, для грамадзян Беларусі, якія не з’яўляюцца членамі таварыства “БТПР” (“БООР”) іх набыццё будзе ў два разы даражэйшым. Паляванне цяпер дазволена ва ўгоддзях, якія арандуе раённая арганізацыйная структура таварыства паляўнічых і рыбаловаў, акрамя тэрыторыі заказніка “Ельня”.