Миорщина самая-самая

 Самы маленькі горад, самая працяглая набярэжная, самы вялікі вадаспад, самае буйное верхавое балота ў Беларусі. На Міёршчыне шмат прыродных і турыстычных славутасцей, якія прывабліваюць мясцовых жыхароў і гасцей. Несумненная разынка і брэнд нашага краю – экалагічная сцежка. Аднак, прыязджаючы сюды, многія не ведаюць, як далей пабудаваць свой маршрут. Ім у дапамогу ДПУ «Ельня» плануе ўзвесці тут візіт-цэнтр, дзе можна будзе ў інтэрактыўным рэжыме азнаёміцца са славутасцямі Міёрскага раёна і яго ваколіц. І гэта толькі адзін з пунктаў праекта па яе развіцці. Падрабязнасцямі падзяліўся дырэктар Віктар Раманоўскі.

– Значныя пераўтварэнні чакаюць ДПУ «Ельня» напярэдадні «Дажынак». На стадыі распрацоўкі эскіз праекта «Узвядзенне экалагічнага парку «Ельня», – расказвае Віктар Сямёнавіч. – Тут будзе прадугледжаны ўвесь комплекс паслуг для гасцей. Для іх зручнасці павялічваем амаль утрая тэрыторыю паркоўкі, падводзім сюды электрычнасць, усталёўваем модульную прыбіральню.

Якія мэты будзе выконваць візіт-цэнтр. Сюды пераедзе існуючы або гэта самастойная адзінка.

– У новага візіт-цэнтра будуць больш шырокія задачы. Мяркуем размясціць тут агульную карту раёна з інфармацыяй пра ўсе славутасці з іх каардынатамі і планам праезду. Гэта абавязкова павінна быць яркае апісанне, каб гасцям захацелася іх наведаць. Пад гэтую справу спрабуем перарэгістраваць турыстычны аўтобус, каб была магчымасць выдзеліць транспарт і накіраваць экскурсавода. Пакуль гэта толькі ідэі, але магчымыя маршруты мы ўжо распрацоўваем.

Да таго ж у холе візіт-цэнтра можна будзе праводзіць майстар-класы рамеснікам. Не страшны будуць ні спёка, ні холад. Выставы, экалагічныя і мерапрыемствы іншай скіраванасці – усё гэта ў планах.

 Ва ўсім свеце набірае абароты глэмпінг – адпачынак на прыродзе, але з усімі зручнасцямі і без шкоды для навакольнага асяроддзя. Міёршчына ў трэндзе.

– Так, побач са стаянкай ёсць паляна – месца для кемпінгу. Зробім там некалькі пляцовак з падключэннем да электрычнасці, водаправода і каналізацыі. Можна будзе таксама паставіць палаткі. Прадугледжваем яшчэ мінімум пяць глэмпаў, гэта значыць, што тут можна будзе пераначаваць з камфортам.

Да таго ж побач размесцяцца альтанкі і дзіцячая пляцоўка. Каб завяршыць комплекс паслуг, паставім тут гандлёвыя рады, дзе можна будзе набыць як прадукты харчавання, так і сувеніры.

Цікавыя спадарожныя планы. А што мае дачыненне да самой экасцежкі.

– Чакаецца маштабны рамонт і падаўжэнне экасцежкі з яе закальцоўкай. Пастараемся завяршыць яго за зіму, каб сустрэць летні сезон у поўнай гатоўнасці. Не буду ўдавацца ў дэталі, але першы ўчастак, які вядзе да балота, заменім цалкам. На наступным, як і рабілі раней, пакладзём наверх новае пакрыццё. Хочам пашырыць пляцоўкі для экскурсіённых груп. Яны будуць складаць па 100-150 м2, каб было дзе пасядзець і паслухаць гіда. Апошнюю пляцоўку павялічваем да 500 м2, яна будзе шматузроўневай. Тут таксама можна будзе адпачыць, пазагараць, выспацца. Экасцежка павінна стаць месцам цішыні, спакою і рэлаксу, пры гэтым з усімі бытавымі зручнасцямі.

Хто пабываў на Ельні аднойчы, абавязкова жадае сюды вярнуцца. Мы ўсталюем тут арт-дошку, дзе будзе магчымасць пакінуць свае аўтографы, пажаданні і іншае.

ДПУ «Ельня» дапамагае Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

– Гэтае супрацоўніцтва ў рамках праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый працягваецца. Толькі сёлета нам купілі палаткі і спальныя мяшкі, інфармацыйныя знакі і малыя архітэктурныя формы ў выглядзе фігурак жывёл. Апошнія зоймуць годнае месца ў арганізацыі фотазон. Гэта стане сюрпрызам.

СММ-спецыялісты ААН завялі нам і вядуць старонкі ў сацыяльных сетках, дзякуючы іх рэкламнай кампаніі да нас масава наведваюцца блогеры і звычайныя людзі з розных куточкаў Беларусі і іншых краін.

Вельмі хацелася б набыць паветраны шар і выкарыстоўваць яго як ліфт, каб агледзець мясцовасць з вышыні. Яшчэ адна неабходная пакупка – балотаход, які дазволіць ажыццяўляць кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства, праводзіць супрацьпажарныя рэйды, здзяйсняць экскурсіі на балота і па яго ваколіцах.

Пры складанні эскізнага праекта ўлічваеце міжнародны вопыт.

– Плануем узвесці другую экалагічную сцежку, але не на балоце, а над ім. Падобная ёсць у Польшчы, яна знаходзіцца на 67 метрах над зямлёй і мае працягласць у кіламетр. Такім чынам атрымаецца павялічыць прапускную здольнасць экасцежкі і пры гэтым захаваць антрапагенную нагрузку на балота, а яшчэ гэта цудоўная магчымасць палюбавацца прыгажосцю балота з вышыні.

Планаў шмат, засталося ўвасобіць іх у жыццё, каб балота Ельня і ўвогуле наш Міёрскі край станавіліся яшчэ больш прывабнымі для турыстаў.

Гутарыла Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий