На ўсіх вадаёмах Рэспублікі Беларусь з 1 сакавіка нельга лавіць шчупакоў, а з 1 красавіка і іншую рыбу. Забарона дзейнічае аж да 30 мая з мэтай забеспячэння найлепшых умоў нерасту. У гэты перыяд на ўсіх вадаёмах не дазваляецца весці прамысловы адлоў рыбы, выключэнне зроблена толькі па мігрыруючаму вугру, на якога можна «паляваць» у месцах, вызначаных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Пэўныя абмежаванні дзейнічаюць і па аматарскай рыбнай лоўлі, якая дазваляецца толькі ў светлы час сутак з берага адной вудай з адным кручком ці адным спінінгам, які аснашчаны штучнай прынадай з адным адзінарным, двайным ці трайным кручком не больш №10 (па міжнароднай класіфікацыі №1).
Нельга рыбачыць з мастоў, кладак і іншых гідратэхнічных збудаванняў.
Не пазбегнуць пакарання аматары, калі ў іх здабычы інспектары выявяць больш 20% дробнай рыбы, якая не адпавядае мінімальнай прамысловай меры, а таксама калі агульная вага ўлову звыш 5 кілаграмаў, хаця ў выпадку вылаву адной вялікай асобіны гэтая норма можа быць і крыху вышэйшай.
В. БУДА,
намеснік начальніка Браслаўскай МРІ
аховы жывёльнага і расліннага свету.