Чарамша мае знешняе падабенства з ландышам і па смаку нагадвае часнок. Дзякуючы сваім харчовым якасцям яна вельмі папулярная ў народзе. Аднак не ўсе ведаюць, што чарамша (або цыбуля мядзведжая) — рэдкая расліна, уключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі, і яе збор забаронены.
Рэдкай яна стала з-за варварскага знішчэння. З надыходам вясны тысячы людзей прачэсваюць лясы ў пошуках гэтай зеляніны. Менавіта неабмежаваны збор і прывёў да скарачэння месцаў росту расліны.
Цыбуля мядзведжая пад дзяржаўную ахову ўзята ў 1964 годзе, уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі 1-га і 2-га выданняў (1981, 1993гг.), занесена ў Спіс рэдкіх раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.
У сілу гістарычных прычын і гаспадарчай дзейнасці чалавека месцаў, прыдатных для існавання чарамшы, у Беларусі няшмат. Акрамя гэтага, на яе вельмі ўплываюць высечка лесу, асушальная меліярацыя, зрэзка лісця і вытоптванне ў працэсе нарыхтовак у якасці харчовай і лекавай сыравіны. Вось таму забараняецца самавольны збор і перасадка чарамшы, незаконны абарот, а таксама выдаленне і іншыя дзеянні, якія могуць прывесці да гібелі раслін, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя іх росту. Парушальнікаў чакае штраф у 10-30 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў — 20-150, юрыдычных асоб — 25-500 БВ.
За продаж дзікарослай мядзведжай цыбулі прадугледжаны штраф у 2- 10 базавых велічынь. За такое парушэнне, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання ад-міністрацыйнага спагнання, трэба будзе заплаціць ад 10 да 30 базавых.
Дарэчы, чарамша добра размнажаецца самасевам, непатрабавальная да ўмоў і можа вырошчвацца на прысядзібных і дачных участках.
Н. ЛАЎРЫНОВІЧ,
вядучы спецыяліст.