Згодна з Правіламі палявання, з 15 мая па 30 верасня ў Беларусі дазволена паляваць на дарослых самцоў казулі, а таксама селекцыйных жывёл дадзенага віду любога полу і ўзросту. Рабіць гэта можна на працягу сутак з засады і з падыходу. Зброя – наразная з дульнай энергіяй кулі звыш 1,5 тысячы джоўляў, гладкаствольная з выкарыстаннем патронаў, зараджаных куляй ці дробам, і мятальная ў выглядзе паляўнічых лукаў і арбалетаў.
Для пошуку здабытых і здабычы параненых капытных жывёл дазволена выкарыстоўваць лягавых сабак, спаніэляў, рэтрывераў, тэр’ераў і такс, а таксама іншых парод, якія маюць палявы дыплом па крывяным следзе.
Варта адзначыць, што дзякуючы мерапрыемствам па ахове паляўнічых жывёл колькасць папуляцыі казулі ў Беларусі стабільна расце. Штогод павялічваюцца і аб’ёмы яе здабычы. Згодна са статыстыкай, у паляўнічых угоддзях краіны каля 132 тысяч асобін, гэта 92,3 % ад аптымальнай колькасці. Здабыча летась склала 26,6 тысячы асобін. Для параўнання – у 2003 годзе было адпаведна 54 тысячы і 3,2 тысячы.
Між тым незаконная здабыча казулі можа прывесці да крымінальнай адказнасці, згодна з ч. 2 арт. 282 Крымінальнага Кодэкса. Асоба, якая ўчыніла такое злачынства, абавязана кампенсаваць прычыненую навакольнаму асяроддзю шкоду ў памеры 120 базавых велічынь за кожную асобіну.
Уладзімір ЯГОРАНКАЎ, старшы дзяржінспектар Браслаўскай МРІ АЖіРС. Фота для ілюстрацыі.