Подведены результаты конкурса на экологическую тему в Миорском районе

 Маленькі прынц з афарыстычным напамінам прыводзіць у парадак сваю планету, пяшчотныя пралескі, сямейка буслоў у гняздзе, лясны пажар, засмечаны акіян… Сюжэты работ, якія даслалі на раённы этап конкурсу на найлепшы дзіцячы малюнак экалагічнай тэматыкі выхаванцы ўстаноў адукацыі, розныя, і кожная адметная чымсьці сваім. Днямі адабралі творы для абласнога тура.

Творчы конкурс на раённым этапе курыруе інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Цэнтрам дзяцей і моладзі. Выстава творчых работ размясцілася ў ЦДМ.

– Удзел у конкурсе прынялі ўсе ўстановы адукацыі раёна. Штогод актыўнічаюць дзіцячы сацыяльны прытулак і СШ № 2. І на гэты раз шмат работ іх выхаванцаў. Акрамя малюнкаў можна ствараць аплікацыі. Ёсць работы ў такой тэхніцы, – расказвае супрацоўніца ЦДМ Вераніка Шамінка. – Тэма адна, а сюжэты розныя. Некаторыя ідэі пераняты з інтэрнэта, ёсць цікавыя аўтарскія рашэнні.

Вынікі раённага этапа конкурсу падвялі начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Пальчэўскі і галоўны спецыяліст Аляксандр Ваяводаў.

 – Прыемна здзіўлены работамі канкурсантаў. Папрацавалі творча, з фантазіяй і стараннем. У малюнках адлюстраваны адносіны да навакольнага асяроддзя, – дзеліцца ўражаннямі галоўны спецыяліст інспекцыі. – Асабліва радуюць работы старэйшых дзяцей. Сярод іх складана выбраць найлепшыя, кожная заслугоўвае высокай пахвалы.

Конкурс праходзіць у дзвюх узроставых катэгорыях: ад трох да пяці гадоў і ад шасці да дзесяці. На раённы этап даслалі больш за 50 работ. Пераможцамі ў малодшай узроставай групе сталі Антаніна Верына з сада № 1 (1 месца), Соф’я Рудак з Язна (2 месца) і Дар’я Бараноўская з Новага Пагоста (3 месца). У старэйшай групе першае месца прысудзілі выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Валерыі Пацеенак, другое падзялілі вучаніца Дзісненскай СШ Яна Шастакевіч і Максім Сураўёў з СШ № 2, на трэцім – вучні СШ № 2 Макар Маркевіч і Андрэй Плотнікаў.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий