Авторизация
 

Свята «У Павяцце на кірмаш» прайшло ў мясцовай школе

 Свята «У Павяцце на кірмаш», што ладзілі ў мясцовай школе, можна лічыць падвя- дзеннем вынікаў рэалізацыі ініцыятывы «Павяцце-green school». Гасцям расказалі пра адолены шлях і дасягнутыя поспехі. Атрымалася пазнавальна, творча, смачна, весела.

 

Спачатку была ідэя

Ініцыятыва «Павяцце-green school» рэалізуецца ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Ідэя павышаць экалагічную культуру мясцовага насельніцтва, натхняць гаспадароў займацца арганічным земляробствам і вырошчваць на сваіх прысядзібных участках экалагічна чыстую прадукцыю аказалася ў ліку пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў і атрымала сродкі на рэалізацыю. Заяўнікам ініцыятывы выступіў Павяцкі сельвыканкам, а партнёрам стала мясцовая ўстанова адукацыі.

 
Дырэктар школы Алена Паўлоўская падзякавала ўсім, хто далучыўся да цікавай справы і дапамог увасобіць у жыццё задуманае. Перш-наперш гэта супрацоўнікі ўстановы і вучні профільнага аграрнага класа.

 

Усё атрымалася

Падчас экскурсіі па эксперыментальнай пляцоўцы арганічнага земляробства, у якую ператварыўся адзін з участкаў прышкольнай тэрыторыі, вучні расказалі і паказалі дасягненні ў рэалізацыі ініцыятывы. На пляцоўцы растуць дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі, пладова-ягадныя культуры, кветкі. Догляд за імі ажыццяўляецца без прымянення хімікатаў. Нядаўна школьнікі вучыліся абразаць маладыя яблыні. Майстар-клас правёў кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Дэмскі сад» Уладзімір Кашкур.

 
 На градках вышынёй у 60 сантыметраў вырошчваюць капусту, кабачкі, гарбузы, часнок, клубніцы, а таксама травы, з якіх пасля гатуюць чай. Як расказалі школьнікі-экскурсаводы, першы кампанент градкі – сетка ад грызуноў. Далей ідзе слой арганікі, зверху на ім пладародная глебасумесь. Плюсы такой тэхналогіі – хуткае праграванне глебы, адсутнасць патрэбы ва ўгнаенні на працягу чатырох гадоў, высокія ўраджаі. Мінус – глеба хутка высыхае. Аднак гэту праблему з лёгкасцю вырашаюць шлангі.

 
З цікавасцю разглядалі госці каліфарнійскіх чарвякоў, якіх з мінулага года разводзяць у школе. Пасля зімоўкі ў цяпліцы гэтых працаўнікоў зноў перасялілі ў вермакантэйнер, дзе іх чакае шырокі фронт работ па перапрацоўцы арганічных адходаў у біягумус. Дарэчы, гэта першая ў раёне пляцоўка па вытворчасці натуральнага ўгнаення, якое выкарыстоўваюць для вырошчвання расады.

 
У рамках рэалізацыі ініцыятывы школа закупіла мотаблок і полікарбанатную цяпліцу памерам 24 на 5 метраў. Тут вырасцілі расаду таматаў, перцаў, капусты, радыску, цыбулю, шпінат. А яшчэ саджанцы кветак, якія ўпрыгожаць клумбы ля школы і ў дварах мясцовых жыхароў. Расліны гатовы для рэалізацыі кветкаводам-аматарам. Прадэманстравалі гасцям прымяненне тэхналогіі арганічнага земляробства пры пасадцы кавуноў. Пад вясёлую музыку дзеці выкапалі ямкі. Спачатку запоўнілі іх пяском, затым – слой біягумусу, які трэба паліць вадой. Вось і гатовы «домік» для саджанца. Можна засяляць.

 

 Чаму б і не павесяліцца

Прэзентацыя ініцыятывы «Павяцце-green school» праходзіла ў фармаце канцэрта. Расповяды вядучых – педагога-арганізатара Анжэлы Маляўка і дзесяцікласніка Аляксея Панізніка – пра дасягнутыя вынікі і поспехі чаргаваліся з мастацкімі нумарамі. Усмешкі і добры настрой дарылі гледачам вакальны гурт Павяцкага СДК, салісты Дзіяна Маляўка, Цімур Альхімовіч, дуэт Сяргея і Сафіі Шукоў.

 
У праграме свята прадугледзелі адпачынак на любы густ. Аматарам памаляваць прапаноўвала зрабіць гэта на перніках кіраўнік ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны» Ксенія Маскаленка. Ахвотнікаў знайшлося. Танцамі, конкурсамі, шоу мыльных пузыроў забаўлялі дзяцей аніматары з Полацка. Весялосці ўсім хапіла. А яшчэ гасцей пачаставалі смачным павяцкім халадніком, сытнай поліўкай і духмяным травяным чаем. 

 

На свяце прапаноўвалі сваю прадукцыю садаводам і агароднікам мясцовыя прадпрымальнікі. Расаду таматаў прывёз Уладзімір Жабёнак, шматлетнікі і дэкаратыўныя кустарнікі – ад Галіны Жэндаравай, саджанцы пладова-ягадных культур – з сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Дэмскі сад».

  

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 января 2023
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Именины 26 января 2023
Максим, Петр, Марфа, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта