Авторизация
 

Сацыяльны праект «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу» рэалізуецца разам з жыхаркамі Міёршчыны

 Віцебшчыну лічаць зонай рызыкоўнага земляробства. Між тым менавіта тут рэалізуецца сацыяльны праект «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу, прадуктыўнага выкарыстання зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу для сям’і, адкрыццю малога бізнесу і далучэнню ў працэс самазанятасці». У ім прымаюць удзел жыхаркі 11 раёнаў, у тым ліку і Міёрскага. Падчас асабістых сустрэч і анлайн-кансультацый атрымліваюць веды і навыкі па арганічным земляробстве.

 

Практыка з кансультацыямі

Чарговы семінар у рамках праекта праходзіў у фармаце відэаканферэнцыі. На сувязь з удзельніцамі выйшла каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч. Нагадала пра этапы развіцця ініцыятывы, што распачалася ў мінулым годзе і завяршыцца сёлета ў кастрычніку.

 

Адбыліся сустрэчы амаль у кожным раёне Віцебскай вобласці. 1 119 жанчын прынялі ўдзел у азнаямляльных семінарах. На думку арганізатараў, гэта сведчыць пра шырокі інтарэс да арганічнага земляробства. 106 удзельніц прайшлі ў практычную частку праекта, што рэалізуецца цяпер. Жанчыны атрымалі насенне розных культур, накрыўны матэрыял, у кожны раён перададзены па дзве полікарбанатныя цяпліцы. Задача – атрымаць якасны ўраджай з дапамогай арганічнага земляробства. Удзельніц кансультуюць спецыялісты.

 

«Азбука глебавай урадлівасці»

Так гучала тэма сустрэчы. Галоўны выступоўца – эксперт па арганічным земляробстве і куратар практычнай часткі праекта Анатоль Спрынчак. Простымі словамі і прыкладамі тлумачыў цікавую і важную навуку працы на зямлі. Указаў на адрозненне паміж грунтам і глебай. Калі грунт – субстанцыя, так бы мовіць, нежывая, то глеба здольная дарыць жыццё. Аднак яна страчвае ўрадлівасць з-за няправільнага абыходжання. Каб гэтага не дапусціць, трэба ўмела спалучаць прыродныя фактары і тэхналогіі арганічнага земляробства. Па словах спецыяліста, штучныя замяняльнікі глебы ёсць і яны здольны вырашыць праблему росту раслін і колькасці ўраджаю. Але ў выніку зніжаецца якасць прадукцыі, пагаршаюцца здароўе чалавека і стан прыроды.

 
 Як стварыць і захаваць урадлівую глебу? Эксперт расказаў пра асобныя спосабы. Якасць глебы паляпшаюць шматлетнія травы, калі на працягу некалькіх гадоў растуць на ўчастку. Добрую службу служаць кукуруза і сланечнікі: іх карані пранікаюць на глыбіню трох і больш метраў, пасля адміраюць, перагніваюць і ператвараюцца ў крыніцу пажыўных рэчываў. Сярод метадаў павышэння ўрадлівасці – арганічныя ўгнаенні, вермікультываванне, правільны севазварот, выкарыстанне сідэратаў, спалучэнне ў пасевах узаемадапаўняльных культур.

 
Найлепшым тыпам глебы для стварэння экачарназёмаў і атрымання высокіх ураджаяў Анатоль Спрынчак называе сярэдні суглінак. Добры варыянт – цяжкі суглінак. Асабліва любяць яго слівы і іншыя пладовыя дрэвы. Аднак такой глебе з-за слабай паветрапранікальнасці не хапае кіслароду. Дапаможа аэрацыя. Нагадваў спецыяліст разумна выкарыстоўваць натуральныя ўгнаенні. Так, няякасны попел ці арганіка, што не стала перагноем, прыводзяць да з’яўлення фульвакіслот, якія разбураюць мінеральны склад глебы. Што да кіслотнасці, надзейны спосаб яе знізіць – вапнаванне. Як заўважыў эксперт, аптымальная кіслотнасць для гародніны ад 3,5 да 6,5 – 7 рН. Вызначаюць яе узровень спецыяльнымі прыборамі. Удзельніцы праекта іх атрымаюць.

 

Пытанні і адказы

Што мы можам зрабіць сёння для паляпшэння ўрадлівасці глебы? – цікавіліся ў спецыяліста.
– Вось тры асноўныя складнікі: якасны гной, торф, перапрэлая салома. На перспектыву трэба закладваць кампостныя ямы.
 
Ці можна мульчыраваць бульбу перапрэлай саломай?
– Нават трэба. Пры гэтым пажадана апырскаць мульчу карысным угнаеннем, напрыклад «Фітаспарынам». Так увільгатніце салому і паскорыце працэс засваення пажыўных рэчываў.
 
Калі не хапіла вапны, можна дадаць мел?
– Гэта не пашкодзіць. Мел толькі палепшыць раскісленне глебы.
 
Навошта прарошчваць бульбу і як гэта правільна рабіць?
– Прарошчваючы насенне бульбы, хутчэй атрымаеце ўраджай. Клубні можна змясціць у скрыню. Асветленасць умераная. Для развіцця каранёвай сістэмы патрэбна рыхлая сумесь. Напрыклад, торф з пяском ці пілавінне з зямлёй.

 

 З Міёрскага раёна ўдзельнічаюць у праекце дзевяць жанчын. Пацікавіліся іх уражаннямі і поспехамі.

Кацярына БОГУШ, г. Міёры:
– Для мяне ўдзел у праекце – гэта магчымасць завесці новыя знаёмствы, пашырыць кругагляд, атрымаць веды ў сферы аграбізнесу. Я вырасла ў вёсцы, люблю працу на зямлі. Хочацца вырошчваць для сваёй сям’і экалагічна чыстыя прадукты. Гэтаму якраз вучаць у праекце.
У нашай камандзе ёсць вопытныя агароднікі. Дзеляцца праверанымі сакрэтамі добрых ураджаяў. Дасведчаны і граматны спецыяліст Анатоль Спрынчак даступна знаёміць з асновамі арганічнага земляробства.

 
Я навучылася правільна і ў адпаведныя тэрміны вырошчваць расаду. Насенне розных культур атрымала ад праекта. Буду закладваць на ўчастку кампостную яму. Плёнкай, якую прадаставіў праект, накрыла сваю цяпліцу. Зрабіла цёплыя градкі, дзе пакуль будзе расці зеляніна, а летам паспрабую вырошчваць на іх кавуны. У бліжэйшы час планую зрабіць міні-цяпліцу для расады. Прарошчваю насенне бульбы, што выдзеліў праект.

 

Яўгенія ЦІТОВІЧ, в. Стары Пагост:
– Праект арганізаваў мяне ў плане агародніцтва. Раней не сачыла за тэрмінамі пасеву расады, не надавала ўвагі правілам пасадкі і размяшчэння гародніны на ўчастку. Цяпер прымяняю новыя веды. Адметна, што атрымліваем дакладную і правераную практыкай інфармацыю пра сілкаванне глебы, догляд за раслінамі і так далей. Парады простыя і даступныя.

 
Як шматдзетнай маці і гаспадыні з вялікім зямельным надзе- лам ад праекта мне дасталася полікарбанатная цяпліца. У ёй ужо расце расада. Праект прадаставіў насенне салаты, шпіната, пекінскай капусты, кабачкоў і іншай гародніны. Упершыню вырошчваю цыбулю-парэй. Расада ўзышла, цяпер пікірую.

 

Вольга МАРОЗ, аг. Пад’ельцы:
– Зямля заўсёды аддзячыць, калі пра яе клапаціцца належным чынам. Арганічнае земляробства спрыяе ўрадлівасці глебы і высокаму ўраджаю. У справе маштабнага агародніцтва я, можна сказаць, навічок. Таму ўдзел у праекце асабліва цікавы і карысны. Нас забяспечылі насеннем, накрыўным матэрыялам, натуральнымі ўгнаеннямі. Гэта далёка не ўсе падарункі. У кожнай удзельніцы ўзялі на аналіз зямлю з участка. Па выніках атрымаем індывідуальныя кансультацыі.

 
Праз суполкі ў «Вайберы» пастаянна трымаем сувязь з удзельніцамі і куратарамі праекта. Дзелімся поспехамі, задаём пытанні.
Мэта праекта – дапамагчы нам зрабіць са сваіх зямельных участкаў крыніцу дадатковага даходу і пры гэтым захаваць урадлівай глебу, не нашкодзіўшы экалогіі. Акрамя таго мы атрымліваем пазітыў ад прыемных зносін і клопатаў.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з асабістых альбомаў удзельніц праекта.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта