Авторизация
 

Гайд па экзатычнай садавіне: як абраць і што паспрабаваць

«Валасатая бульбіна». Так мы абазвалі ківі, што прынёс у школу аднакласнік. Дзіўны фрукт, які яму прывезлі госці з горада, бачылі ўпершыню. На паліцах нашага сельмага ў сярэдзіне 90-х акрамя яблыкаў прапаноўвалі хіба што апельсіны, ды і то пад Новы год. З часам асартымент фруктаў у гандлёвых кропках значна пашырыўся, але яшчэ далёка не ўся экзотыка да нас дабралася. Раскажам пра некаторыя плады, якія цікава было б пакаштаваць.

 

 Чорная сапата. З гнілым яблыкам не блытаць

Жэлепадобная цёмна-бурая мякаць чорнай сапаты (яшчэ яе называюць шакаладнай хурмой ці чорным яблыкам) выглядае зусім не апетытнай. Нібы гнілы яблык. Рабіць вывады не спяшайцеся. Па смаку спелы фрукт нагадвае шакаладны пудынг. Вітаміна С у пладах чорнай сапаты ў чатыры разы больш, чым у апельсінах. Багаты яны на калій, фосфар, жалеза, вітаміны групы В.

 
Вырошчваюць шакаладную хурму ў паўднёвай Мексіцы і Цэнтральнай Амерыцы.

 

 Салак: смаката ў змяінай скуры

Змяіным фруктам салак называюць з-за лускаватай скуркі. Здымаецца яна лёгка – як шкарлупа з варанага яйка. Асцярожна: фрукт пакрыты дробнымі шыпамі. Памерам чырвона-карычневы плод можна параўнаць з ківі, формай – з кропляй вады. На смак адчуванні розныя. Адны гавораць пра сумесь банана і ананаса, другія знаходзяць падабенства з ківі і клубніцамі, трэція – з вішняй, чацвёртыя – з персікам. Сыходзяцца ў адным: моцны водар, прыемны і асвяжальны насычаны кісла-салодкі смак. Няспелыя плады – горкія і вяжуць.
Распаўсюджаны салак у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

 

 Гуанабана, яна ж саусеп, яна ж смятанны яблык

Плады гуанабаны памерам ад 10 да 35 сантыметраў у даўжыню і 15 у шырыню важаць ад трох да сямі кілаграмаў. Іх крэмава-белая мякаць на выгляд нагадвае вату. У кіслым смаку ліманада адчуваюцца ноткі суніц. Чорнае насенне ядавітае. Скурка спелага фрукта жоўтая з тоўстымі калючкамі. Экстракт смятаннага яблыка выкарыстоўваюць для араматызацыі чаю.
Гістарычная радзіма фрукта – Лацінская Амерыка.

 

 Блакітная Ява – ванільнае марожанае ў скурцы

Блакітная Ява – гібрыдны сорт банана. Вынослівы і ўстойлівы да холаду. Пакуль фрукт спее, скура мае блакітнае адценне, якое пакрысе знікае. Вырастаюць плады даўжынёй ад 15 да 24 сантыметраў. Іх кансістэнцыя падобна да марожанага, а смак – ванільны.
Вырошчваюць блакітныя бананы ў Аўстраліі, на Гаваях, у многіх рэгіёнах Азіі. Доўгай транспартыроўкі фрукты не вытрымліваюць.

 

 Акі з Ямайкі

Галоўным фруктам Ямайкі лічаць акі. Грушападобныя спелыя плады маюць ярка-аранжавы або чырвоны колер і ва- жаць 100 – 200 грамаў. Скурка хавае костачкі і белую ці крэмавую мякаць, чый смак нагадвае арэх з сырам. Пасля ўжывання фрукта кіслае здаецца салодкім, а вострыя соусы не пякуць. Такі эфект доўжыцца да дзвюх гадзін. Плод акі ўжываюць, калі саспеў і раскалоўся, паказаўшы «ўнутраны свет». Недаспелыя фрукты ядавітыя. З-за высокай канцэнтрацыі таксінаў у многіх краінах іх лічаць непрыдатнымі для ўжывання ў ежу.

 

 Зорная карамбола

Карамболу называюць старфрутам, зорным яблыкам, трапічнай зоркай. Гэта лагічна. Падоўжна парэзаны плод падобны да зоркі і формай, і колерам.Смак спелага фрукта параўноўваюць з агрэстам, яблыкам, слівай, вінаградам і нават агурком. З-за высокага ўтрымання вадкасці карамбола добра і смачна спатольвае смагу. Сакавітыя і хрусткія зорныя яблыкі – пастаянны прадукт у меню жыхароў Таіланда, Індыі, Інданезіі і іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

 

 Што за рагаты агурок? Гэта ківано

Як і звычаны агурок, ківано амаль на 90 % складаецца з вады. Спелы плод мае падобную да апельсінавай скурку, пакрытую шыпамі. Унутры – слізістая зялёная мякаць. Незвычайны далікатны смак адным нагадвае адразу дыню, агурок і банан, іншыя адчуваюць лайм, ківі і авакада. Плады можна есці сырымі на любой стадыі выспявання. Іх дадаюць у ягадныя варэнні і кампоты, соляць і марынуюць.

 
Ківано – традыцыйная ежа ў Афрыцы. Вырошчваюць «рагатыя агуркі» ў ЗША, Ізраілі, Новай Зеландыі, Калумбіі. Сама расліна ўяўляе сабой ліану, якая разгаліноўваецца на мноства тонкіх сцяблін, таму выкарыстоўваецца і для натуральнага дэкору. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта