В Повятской школе прошел семинар «Азбука плодородия почвы»
gazeta 30-11-2020, 15:00 673 Прырода і экалогія / Сельская гаспадарка
Усё жывое адгукаецца на догляд і клопат. Штогод зямля адорвае спелай збажыной, свежай гароднінай, духмянай садавіной. Аддаўшы свае сілы і сокі новаму ўраджаю, яна мае патрэбу ў сілкаванні і адпачынку.
Разумна і эфектыўна берагчы зямельны рэсурс вучацца ў Павяцкай школе. Тут рэалізуецца мясцовая ініцыятыва «Павяцце-green school» у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. У мінулую суботу ва ўстанове адбыўся семінар «Азбука глебавай урадлівасці».
Зямельныя ўрокі
Чаканы госць мерапрыемства – кандыдат сельскагаспадарчых навук Анатоль Спрынчак. Для дзіцячай аўдыторыі правёў урок «Жыццё ў глебе». Расказаў пра чарвякоў, мурашоў, мядзведак і іншых жыхароў зямельнага свету. Адзначыў, што ў прыродзе няма нічога лішняга, і нават тыя яе насельнікі, якіх чалавек лічыць шкоднымі і непатрэбнымі, адыгрываюць сваю важную ролю ў кругазвароце рэчываў. Прывёў цікавы факт: чарвякоў у глебе ў чатыры разы больш, чым жывёл на зямлі. Нагадаў, што лішак хімічных угнаенняў шкодзіць глебе і зніжае яе ўрадлівасць.
Урок для дарослых, на які прыйшлі педагогі школы і бацькі некаторых вучняў, сумяшчаў тэорыю з практычнымі рэкамендацыямі. Анатоль Спрынчак распавёў пра сідэраты і мульчыраванне як асноўныя спосабы павысіць урадлівасць глебы. Пра гэта варта клапаціцца чалавеку, бо сам па сабе гумус назапашваецца слоем у паўсантыметра за год. Гэтага мала для добрых ураджаяў. У якасці сідэратаў спецыяліст рэкамендаваў высаджваць гарчыцу з аўсом, якія паляпшаюць якасць глебы. Раіў не выкарыстоўваць для ўгнаення попел хваёвых дрэў, бо ў ім утрымліваюцца кіслоты, шкодныя для большасці раслін. У мінімальных дозах такая падкормка будзе карыснай для буякоў, шчаўя.
Чайная паўза з водарам пернікаў
Пасля ўрокаў удзельнікаў семінара запрасілі ў школьны фітабар «ЧайОК», што размясціўся ў сталоўцы. Частавалі духмяным чаем з лекавых траў, вырашчаных на прышкольным участку. Гэта таксама адзін з пунктаў рэалізацыі ініцыятывы «Повятье-green school». Даглядала і нарыхтоўвала сыравіну для натуральнага напою Крысціна Цярэшка.
– Працую ў школьнай сталоўцы кухонным работнікам. Сёлета адкрыла для сябе цікавы свет лекавых траў. Раней не задумвалася, наколькі яны могуць быць карыснымі. Напрыклад, кветкі ліпы паніжаюць тэмпературу цела, дапамагаюць справіцца з кашлем, з’яўляюцца супрацьвірусным сродкам, – расказвае субяседніца. – Калісьці збірала травы мая бабуля, цікавіцца імі маці, цяпер і я захапілася. Увайшоў у звычку чай з рамонкам перад сном. Калі прыходзяць госці, штораз просяць пачаставаць травяным чаем. Гэта гармонія карысці, смаку, водару і колеру.
Перш чым прадэгуставаць карысны напой, госці палюбаваліся размаляванымі пернікамі. Майстар-клас па роспісе ласункаў правяла для школьнікаў кіраўнік ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны» Ксенія Маскаленка. Юныя мастакі выводзілі глазурай кошык з гароднінай, у кожнага атрымалася па-свойму.
З пажаданнямі камфортнай зімоўкі
Са школьнага фітабара накіраваліся ў прасторную цяпліцу, закупленую на выдзеленыя на рэалізацыю ініцыятывы сродкі і нядаўна ўстаноўленую на прышкольным участку. Тут адвялі месца для зімоўкі чырвоных каліфарнійскіх чарвякоў, якія да гэтага «пражывалі» ў кантэйнеры на вуліцы і актыўна перапрацоўвалі траву, ачысткі гародніны і іншы біяматэрыял. Гадаванцаў перасялілі ў глыбокую яму, якую ўцяплілі лістотай і саломай. Зімой натуральнае покрыва не дасць замерзнуць, а як пацяплее – паслужыць матэрыялам для перапрацоўкі.
Таксама ў цяпліцы плануюць высадзіць цыбулю-сявок на пер’е. Анатоль Спрынчак даў рэкамендацыі: размяшчаць галоўкі на глыбіні трох – чатырох сантыметраў; слоем у два сантыметры прысыпаць саломай, што паслужыць арганічным угнаеннем; накрыць спанбондам: ён будзе захоўваць цяпло і спрыяць выпрацоўцы вуглякіслага газу, у якім расліна мае патрэбу на пачатковай стадыі росту.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.