Нярэдка здараюцца выпадкі сутыкнення аўтатранспарта з дзікай жывёлай на дарогах. Для апошніх яны, як правіла, смяротныя. Да таго ж ДТЗ з буйнымі капытнымі – ласём, аленем, дзіком, казуляй – можа мець сур’ёзныя наступствы як для машыны, так і для кіроўцы з пасажырамі.
Жывёла на дарогу выходзіць па розных прычынах: накіроўваецца да месцаў кармёжкі і адпачынку, яе прываблівае солевая сумесь, ці проста пагрэцца і абсохнуць ад расы. Нярэдка такім чынам ратуецца ад драпежнікаў ці паляўнічых сабак.
У большасці выпадкаў сутыкнення можна пазбегнуць. Калі на шляху аўтамабіля ці на абочыне дарогі ўбачылі жывёлу – максімальна знізьце хуткасць, каб пры патрэбе імгненна затармазіць. Звычайна лясны жыхар успрымае машыну як драпежніка, які імкнецца пайсці наперарэз. Каб выйсці з акружэння, у апошні момант кідаецца на дарогу. Аднак не можа ацаніць хуткасць аўто.
Аслеплены звер пачынае мітусіцца, не бачачы нічога, акрамя асветленага ўчастка дарогі. У такой сітуацыі лепш спыніцца, выключыць фары і пакінуць габарытныя агні, уключыць аварыйку. Жывёла адаптуецца і пакіне дарогу.
Выкананне правіл дарожнага руху і асцярожнасць у зоне дзеяння папераджальнага знака «Дзікія жывёлы» значна знізяць рызыку аварый.
Фота для ілюстрацыі.
Аляксандр АНТОНАЎ, дзяржінспектар Браслаўскай МРІ.