Ва ўгоддзях Даўгінаўскай пярвічнай арганізацыі паляўнічых і паблізу сёлета добра пагаспадарылі ваўкі. Таму першым зімовым снегам скарысталіся для пошуку шэрых разбойнікаў. Работнікі раённай аргструктуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў, паляўнічазнаўца з егерамі пад кіраўніцтвам Івана Атрошкі неадкладна скіраваліся ў лес. Сляды драпежнікаў прывялі іх ва ўрочышча Каза паблізу вёскі Палякі. Вось толькі колькасць звяроў дакладна вызначыць не ўдалося: яны часта ходзяць след у след. Меркавалі, што іх шэсць – сем.
На аб’яўлены тэрміновы збор аматараў палявання на ваўкоў адгукнуліся не толькі мясцовыя ваўчатнікі – майстры трапнага стрэлу – але і з Мінска, Віцебска, Полацка, Маладзечна, Браслава. Некаторыя рэгулярна ўдзельнічаюць у падобных мерапрыемствах у нашых мясцінах і добра іх ведаюць.
На наступны дзень абклалі мяркуемае знаходжанне драпежнікаў чырвонымі сцяжкамі. Іх спатрэбілася не так і шмат: каля чатырох кіламетраў. Кароткі дзень не дазволіў прыступіць непасрэдна да аблавы. Вядома, пэўная рызыка пакінуць вывадак у спакоі на цэлую ноч была. Як потым паказала вывучэнне слядоў, хваляваліся недарэмна. У цемры ласі парвалі шнуры, на якіх мацаваліся сцяжкі. А за імі на волі заставаліся два ваўкі з ваўчыцай. Гэтая ваўчыца двойчы праходзіла ў прарыў, каб вывесці астатніх, толькі яны аказаліся не такімі смелымі.
Паляванне пачалося , як толькі развіднела. Стратэгію і тактыку распрацавалі дырэктар аргструктуры Іван Атрошка, яго падначаленыя паляўнічазнаўца Ілья Брылевіч, егеры Дзмітрый Богуш і Міхаіл Зінкевіч. Першы стрэл прагучаў каля 9 гадзін, Міхаіл Шук не прамахнуўся. Потым яму пашанцавала яшчэ раз.
Два ваўкі выйшлі на браслаўчаніна Яўгена Перманіцкага. У яго таксама цвёрдай аказалася рука і трапным вока. Самага мацёрага звера ўпаляваў міярчанін Віктар Дзеравянчык. Ваўчыца стала здабычай Івана Атрошкі.
Паляванне закончылася хутка, да 14 гадзін ужо зматалі сцяжкі. З іх не выйшаў ні адзін драпежнік. Але на волі засталіся тры шэрыя, у тым ліку ваўчыца, якая не баіцца пераадольваць чырвоную перашкоду. Значыць, наперадзе самыя цікавыя паляванні. Тым больш што ў ваўкоў пачынаецца гон – яны будуць актыўна перамяшчацца па лясах не толькі ў пошуках ежы амаль да сакавіка.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.