На пазамінулым тыдні на рэспубліканскім пленуме РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Міёрская раённая арганізацыйная структура “БТПР” узнагароджана граматай за чацвёртае месца ў краіне па выніках работы за 2018 год.
Калі ўлічваць, што такіх аргструктур у Беларусі 108, то выбіцца ў лепшыя няпроста. Дапамаглі намаганні ў гаспадарчай дзейнасці, клопаты пра лясных жыхароў і арганізацыю паляўнічых тураў, адзначае дырэктар установы Іван Атрошка. І, як прыклад, спасылаецца на спаборніцтвы сярод паляўнічых па здабычы так званых непажаданых відаў лясных жыхароў, што адбыліся 23 лютага (маецца на ўвазе адстрэл лісіц). Але і яго неабходна праводзіць з захаваннем патрабаванняў нарматыўных дакументаў.
Такім чынам з адзінаццаці членаў таварыства і клуба “Сафары” сфарміравалі пяць экіпажаў. Ва ўгоддзях Дворнасельскай дачы яны вынішчалі рыжых драпежнікаў ад былой вёскі Карпачова да ускрайкаў балотнага масіву Ельня. І паспяхова: за дзень здабылі 32 звяроў. Практычна палова іх на рахунку Дзмітрыя Богуша. Ён умелы паляўнічы, егер і старшыня клуба “Сафары”.
Сярод “радавых” паляўнічых самым трапным аказаўся Віктар Мішута.
Шанцуе не толькі мясцовым аматарам палявання. Перад гэтым у туры па здабычы баброў прымаў удзел расіянін. За двое выхадных ён падстрэліў восем водных грызуноў, а яшчэ па пяць янотападобных сабак і лісіц. Пры такой колькасці трафеяў гэты тур для прыезджага стралка можа стаць самым паспяховым за ўсё жыццё!
Між іншым, паляванне на баброў ва ўгоддзях Міёрскай аргструктуры працягваецца і ў сакавіку.
Для мясцовых членаў “БТПР” пачынаецца справаздачны перыяд. У пярвічных калектывах адбудуцца сходы па падвядзенні вынікаў мінулага года і вызначэнні мер па папярэджанні парушэнняў Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Гэтую кампанію завершыць пленум раённай аргструктуры РДГА “БТПР”.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.