Свежы снег — першы памочнік паляўнічых. Не толькі таму, што здаля дапамагае заўважыць дзікую жывёлу. Пра яе прысутнасць у абшары паведамляюць сляды. Вось такім чынам егерам ААТ “Абстэрна” стала вядома, што ў ваколіцах вёсак Крычава, Рыжыя, Дразды з’явілася пара дарослых ваўкоў. Паляванне на іх арганізавалі на мінулым тыдні з удзелам мясцовых і прыезджых паляўнічых.
Здабыча шэрых драпежнікаў — справа не простая, бо гэтыя звяры моцныя і хітрыя. Арганізацыя палявання на іх патрабуе вялікіх намаганняў. Як апавядае дырэктар ТАА “Абстэрна” Андрэй Фурс, спачатку па слядах больш дакладна высветлілі лясныя мясціны, дзе яны могуць прыпыніцца. Затым абклалі іх чырвонымі сцяжкамі, а гэта каля сямі кіламетраў. Вызначылі, адкуль больш рацыянальна пачынаць загон. На супрацьлеглым баку на найбольш верагодных шляхах выхаду выставілі стралкоў. Потым на звяроў рушылі загонныя.
Як кажуць, казка хутка расказваецца, ды справа марудна робіцца. На падрыхтоўку і правядзенне “аперацыі” спатрэбіліся чатыры дні. На другі дзень на прыцэл егера Валянціна Цімафеева выйшаў воўк. У нядзелю, 3 лютага, патрапіў па ваўчыцы мінчанін Дзмітрый Богуш.
За студзень ва ўгоддзях ТАА “Абстэрна” здабылі восем лісіц. Паляванне на дзікоў, лісіц і ваўкоў працягваецца. Каб яно было паспяховым, патрэбны свежы сняжок.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.