Притяжение болота ... Оно навсегда ...
gazeta 12-12-2018, 16:20 1 928 Прырода і экалогія
Вялікае балота. Маўклівае, спакойнае, самадастатковае. Ходжанае-пераходжанае. Надзейнае. Народнае. Любімае. Ярка расквечанае ўвосень дыванамі, сатканымі дзе з сівых, дзе з зялёных імхоў, дзе з ружовых верасоў, упрыгожанымі россыпамі саспелых ягад, гузікамі неспадзяваных грыбоў, хусткамі ягадніц.
Птушынае. Лётаюць над ім з гулам вялікія слаўныя птушкі, садзяцца на астравы, на шматлікія азёры, зноў адпраўляюцца ў вышыню. Яны становяцца часткай яго магутнага непарушнага цела, яго ўзнёслай душой. Доўга ўсхвалявана сочыш, як плывуць чародамі над галавой, сплываюць за лес. Ужо няма іх, а ты ўсё стаіш у задуменні. Як доўга рэхам звіняць у свядомасці гуллівыя іх галасы!
Ісці па балоце без натаптанай сцежкі — гэта як ісці па падушках і пярынах. Але такая хада — добры іспыт на трываласць. Для таго, каб знайсці добрую ўраджайную паляну, часам неабходна прайсці па пустых месцах далёка — немаведама куды. А пераадолееш усе балотныя шляхі, то ў канцы раптам зробіш адкрыццё: “О, гэта намнога лепш, чым бессэнсоўна марнаваць час на мяккай канапе. Ух, як цяжка, але здорава!” Так і пачнецца тваё моцнае сяброўства з вялікім балотам.
Чаму цягне да сябе балота? Чаму хочацца сюды зноў і зноў?
Аднойчы папрасіла Галіна сваю дачку звазіць яе ды ўнукаў на балота, на экасцежку. Тая, даўно ўжо перакананая гарадская жыхарка, паслухала, але потым прызналася маці, што спачатку не магла зразумець такой просьбы і толькі тады, як сама прайшла з кіламетр па сцежцы, раптам зразумела — адчула. Суцішыўся крок, задуменным стаў позірк.
— А што гэта? А што гэта? — з нейкай дзіцячай радасцю і зачараваннем усё пыталася маладая гараджанка, заўважыўшы вакол сябе і пад нагамі ніколі не бачаныя ёй расліны.
Балота робіць чалавека лёгкім, у ім абуджаецца спрадвечная жывая цішыня. Ясна агаляецца крышталь душы, і са здзіўленнем адчуваеш, што ён усё такі ж празрысты, як у дзяцінстве, неабцяжараны ніякім жыццёвым брудам, не растрэсены, не расколаты ні на якіх выбоінах жыцця. Праз гэты крышталь праходзіць шырока разгорнутае ўпэўненае святло блакітных нябёсаў, дрыготкае святло жоўтага трапяткога лістка, сціплае асцярожнае святло ружовай сыраежкі.
На балоце вельмі шмат неба. Больш, чым у лесе. Яго празрыстая чысціня і ўверсе, і унізе — у азерцах, каналах, маленькіх акенцах вады. І ёсць душы, куды шырыцца. Яна з захапленнем аглядае вышыню, адкуль чуецца час ад часу прызыўны покліч журавоў, і з трапятаннем адчувае пад нагамі таямнічы дух спрасаваных стагоддзяў. О, і як жа трэба не разгубіцца ў прасторы паміж гэтых двух бясконцых глыбінь, кожную хвіліну дбаць пра трываласць свайго ўласнага руху.
Пад небам Вялікага балота становішся сапраўдным. Гэта якім? Такім, для каго не патрэбны ніякія ўзроўні абароны. Хто, напрыклад, ідучы сюды, фарбуе вочы ці вусны, робіць прычоску, каб сцвердзіцца ва ўласнай годнасці? Хто прыстуквае абцасамі дзеля эфекту цвёрдай хады? Хто ўзвышае тон голасу, каб паказаць свой начальніцкі статус? Усе гэтыя штукі былі б тут смешнымі ды і немагчымымі: паспрабуй дрыгаць нагамі на дрыгве!
Восенню на балоце збіраецца шмат рознага люду. Усе, хто ідзе да яго па сцежцы, часта разбуранай дажджамі, слізкай і гразкай, становяцца раптам не чужымі — адказнымі адзін за аднаго, як члены адной каманды.
— Куды падзелася ваша сяброўка? — заўважае раптам на сцежцы Галіне той, хто ішоў з намі побач. А я крыху толькі адстала — спынілася пафатаграфаваць.
Так яднае Вялікае балота.
Перад вяртаннем дадому апошні раз азірнеш яго з удзячнасцю, потым будзеш ісці ланцужком за чыёйсьці спінай, глядзець, як разгладжвае перад табой балотная сцежка паглыбленні — сляды папярэдняга хадака. На выхадзе дасі сабе зарок вярнуцца сюды зноў. І абавязкова вернешся… Так-так!
На здымку балота Ельня з архіва рэдакцыі.
Ала Майсяёнак.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.