Что может объединять Нагойский протокол и "генетические ресурсы" РБ?
gazeta 12-12-2018, 16:14 1 882 Прырода і экалогіяУ канцы лістапада ў аграгарадку Азёры на Гродзеншчыне, а гэта адміністрацыйны цэнтр аднайменнага заказніка, Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў семінар “Генетычныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь: захаванне і ўстойлівае кіраванне”.
Скажаце, занадта навукова і далёка ад нашых мясцовых праблем? Не пагаджуся. А таму паспрабую простымі словамі раскрыць сутнасць складанага пытання, якое мае перспектывы ўвасобіцца ў канкрэтныя справы на нашай Міёршчыне.
Інстытут генетыкі і цыталогіі — выканаўца праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН-ГЭФ “Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыянальнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойскага пратакола ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэта азначае, што навуковая ўстанова мае дачыненне да распрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства па доступе да генетычных рэсурсаў і сумесным выкарыстанні выгод для адпаведных міністэрстваў, устаноў, патэнцыяльных пастаўшчыкоў генетычных рэсурсаў і іх карыстальнікаў, носьбітаў традыцыйных ведаў.
Нагойскі пратакол рэгулявання доступу да генетычнах рэсурсаў і сумеснага выкарыстання на справядлівай і роўнай аснове выгод ад іх прымянення прыняты на 10-й нарадзе канферэнцыі бакоў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці ў японскай Нагоі яшчэ ў 2010-м. Да яго Беларусь далучылася праз чатыры гады, увайшла ў супольнасць 92 краін, сярод якіх Украіна, Малдова, увесь Еўрапейскі саюз.
Сфера прымянення Нагойскага пратакола шырокая. Распаўсюджваецца на генетычныя рэсурсы не толькі дзікай прыроды, але і культывіруемыя віды. Яны могуць быць атрыманы і ў натуральных умовах, і ў спецыяльна створаных чалавекам, напрыклад, у батанічных садах, насенных фондах. Карыстальнікамі становяцца як самі батанічныя сады, так і прадпрыемствы сельскагаспадарчай, фармакалагічнай, касметычнай прамысловасці, навукова-даследчыя інстытуты, прыватныя калекцыянеры.
Нагойскі пратакол вельмі карысны для навукоўцаў. Ён прадастаўляе магчымасць супрацоўнічаць з іншымі краінамі, карыстацца іх базамі дадзеных і міжнароднымі тэхналогіямі. Напрыклад, цяперашняя фармацэўтыка шырока выкарыстоўвае дзікарастучыя расліны, у асартыменце лекаў яны складаюць каля 40%. Сусветны рынак фітапрэпаратаў перавышае 50 мільярдаў долараў. А ў нас у прыродзе расце 12 тысяч відаў раслін і грыбоў, яшчэ больш за 2000 відаў вырошчваецца. Агульны біялагічны запас сыравіны дазваляе вырабляць прадукцыі на мільярд-другі долараў! Невыпадкова ў суседніх краінах экспарт падобных прадуктаў ператвараецца ў галіну эканомікі, якая імкліва развіваецца.
Для прыкладу, Расія штогод імпартуе дзясяткі тысяч тон расліннай сыравіны: з Кітая — лісце бярозы, карані лопуху і валяр’яны, з Егіпта — мяту перачную і кветкі рамонкаў аптэчных, з Германіі — лісце чорных парэчак і маліны. Ці ж усяго гэтага няма ці нельга вырошчваць у Беларусі?!
Між іншым, і наша краіна нямала такой сыравіны завозіць з суседняй Украіны, хаця яе таксама можна вырошчваць самім.
У Беларусі разнастайны жывёльны свет: маем 467 відаў пазванковых і больш за 30 тысяч беспазванковых. Ёсць удалыя спробы вырошчвання ракападобных, прахадных рыб, вінаградных смаўжоў, кампоставых чарвякоў. Для мазі “Віпрасал” наша краіна паставіла ў Эстонію 60 грамаў яду гадзюкі ў 2010 годзе і 88,9 г у 2011-м, даход атрымала прыкладна ў 60 тысяч долараў. Але гэта разавыя пастаўкі. Не выкарыстоўваецца бабровая струя як медыкаментозны сродак і субстрат для парфумы. Не прадаём за мяжу жывёл, неабходных для падтрымання дзікіх папуляцый, хаця і на Міёршчыне выяўлялі, напрыклад, вывадкі ваўчанят, нямала плодзіцца лісіц. Можна зарабляць на вытворчасці глебавых сумесей, вырабленых па вермітэхналогіі (пры вырошчванні тых жа чарвякоў).
За мяжой карыстаюцца попытам калекцыі нашых раслін-“чырвонакніжнікаў”, у ліку якіх не менш за 35 камерцыйна прывабных, у тым ліку 27 сасудзістых, шэсць мохападобных і два лішайнікі. Зразумела, для гэтага трэба атрымаць дазвол Мінпрыроды.
Такім чынам, выкарыстанне ўласнага генетычнага рэсурсу ў адпаведнасці з Нагойскім пратаколам — гэта магчымасць атрымліваць дадатковыя працэнты пры адкрыцці вытворчасці лекавых, касметычных прэпаратаў з мясцовай сыравіны, пры яе імпарце.
Фота з архіва рэдакцыі і для ілюстрацыі.
Іван БАРОК,
дырэктар ДПУ “Ельня”.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.