Авторизация
 

Ля Міёр прайшло стралковае мнагабор’е сярод паляўнічых

 Раённыя спаборніцтвы па стралковым мнагабор’і сярод паляўнічых Міёрскай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” адбыліся 27 мая. Нядзельным днём у сасонніку на месцы даўняга пясчанага кар’ера за вёскай Блажкі, якое вызначана для прыстрэлак паляўнічай зброі, некалькі гадзін доўжылася выпрабаванне. Экзамен на трапнае вока і цвёрдую руку трымалі лепшыя стралкі ўсіх пярвічных калектываў.

 У РАЁННАЙ аргструктуры “БТПР” налічваецца сем пярвічных калектываў паляўнічых. Кожны накіраваў на спаборніцтвы трох самых вопытных, умелых стралкоў з уласнай зброяй. Сабраліся і балельшчыкі: жонкі, дзеці і нават унукі ўдзельнікаў мнагабор’я. Ім было цікава адчуць асаблівую атмасферу супольнасці аматараў палявання, унікнуць у сутнасць размоў пра ўласцівасці зброі, калібры “ствалоў” і іх прыстрэлку, вопыт палявання. Вядома, нідзе не пачуеш больш аповядаў пра сапраўдныя здарэнні і зусім фантастычныя. Але гэта не перашкаджала вырашэнню практычных пытанняў: размясціць мішэні, устанавіць механізмы па выкідванні талерачак. А Юрый Шчатко і Міхаіл Шук неадкладна пачалі разбіраць мяса казулі для шурпы і рыбы — для юшкі. Калі меркаваць па пакетах з цыбуляй і рознымі перцамі ды іншымі прыправамі, яны павінны былі атрымацца з асаблівым смакам.


Між тым прагучала каманда строіцца. Дырэктар паляўнічай гаспадаркі Іван Атрошка тлумачыць умовы спаборніцтваў. На гэты раз яны ўключалі кулявую стральбу па мішэні “Дзік” адзіночна і дуплетам, шротам адзіночна і дуплетам па талерачках. Асабліва адзначаны патрабаванні па бяспецы абыходжання са зброяй.


 ВЫЗНАЧАЕЦЦА судзейская брыгада пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама і старшыні аргструктуры “БТПР” Леаніда Лясовіча.
І вось апранаюць яркія чырвона-аранжавыя камізэлькі паляўнічыя з Туркоўскага пярвічнага калектыву. На стралковую лінію выходзіць Мікалай Лагун. А першаму асабліва складана дасягнуць жадаемага выніку. Тым не менш Мікалай Мікалаевіч выбівае толькі на талерачках 20 балаў. Яго таварышу Аляксандру Кадушку дзейнічаць прасцей, і вынік лепшы — 25 таксама “талерачных” балаў.


Прадстаўнікі Дворнасельскага калектыву ўжо зусім асвоіліся з асаблівасцямі спаборніцтваў. Ды і паляўнічыя яны вопытныя, не першы раз удзельнічаюць у такіх мерапрыемствах. Юрый Мяцеліца выбівае першую на спаборніцтвах “дзявятку” па “Дзіку”. Такі ж вынік і ў яго таварыша па камандзе Леаніда Шокеля. Дарэчы, гэтую лічбу запісалі на свой рахунак яшчэ Пётр Талапіла з Мікалаёўскага калектыву, Сяргей Савіцкі з Павяцкага, а Дзмітрый Богуш, які выступаў за калектыў “БТПР”, выбіў нават дзве “дзявяткі”.


БЫЎ і лепшы вынік. Першай “дзясяткай” адзначыўся Анатоль Грыдзюшка з Мікалаёўскага калектыву. Такім жа дасягненнем пацвердзіў “дырэктарскі” аўтарытэт Іван Атрошка.


Расстраляць керамічныя талерачкі, хаця яны і прыкметна яркія, няпроста не толькі таму, што ляцяць па розных траекторыях. Узяць іх на прыцэл трэба за лічаныя долі секунды. І гэта ўдалося зрабіць Дзмітрыю Богушу, ён разбіў у паветры ўсе восем, набраў максімальныя 40 балаў толькі па гэтым відзе. На адну менш уцэліў Аляксандр Тычко з Якубаўшчынскага калектыву. Па пяць талерачак, а гэта 25 балаў, “упалявалі” Аляксандр Кадушка з Туркоўскага, Юрый Мяцеліца з Дворнасельскага, Юрый Лаўрыновіч з Якубаўшчынскага, Рыгор Міна з Павяцкага, Віктар Дзеравянчык і Юрый Шчатко з Даўгінаўскага.


 Практычна кожны стрэл суправаджаўся каментарыямі ўдзельнікаў і балельшчыкаў. Асабліва з’едлівымі, але не абразлівымі, яны былі ў адносінах яўных промахаў і няспешных дзеянняў.


Калі ж настаў час падводзіць вынікі, аказалася, што стралкі з Дворнасельскага і “БТПРаўскага” калектываў набралі аднолькавую колькасць балаў. Каб выявіць пераможцу, суддзі загадалі зрабіць па тры стрэлы прадстаўнікам гэтых каманд па мішэні “Дзік”. Іван Атрошка дадаткова набраў 19 балаў, Дзмітрый Шокель — 17.


ТАКІМ ЧЫНАМ першае каманднае месца заваявалі стралкі “БТПР” — у іх 129 балаў, другое са 126 ачкамі — Дворнасельскі калектыў паляўнічых, трэцяе з 92-ма — Якубаўшчынскі. Яны адзначаны дыпломамі і прызамі — выявамі стралкоў адпаведнай велічыні.
Лепшымі стралкамі названы Дзмітрый Богуш з “БТПР” (набраў 64 балы), Аляксандр Тычко з Якубаўшчыны (57) і Аляксандр Кадушка з Туркова (45).


У заключэнне пад шурпу і юшку ў нефармальнай абстаноўцы абмеркавалі выкарыстанне на спаборніцтвах зброі розных узораў і вынікаў спаборніцтваў. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 537
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 55 891
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 24 660
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 388
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 23 518
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 20 987
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 535
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 июня 2018
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Именины 20 июня 2018
Александр, Богдан, Борис, Валентин, Василий, Вениамин, Виктор, Владимир, Григорий, Давид, Иван, Игнатий, Лев, Максим, Михаил, Николай, Павел, Петр, Степан, Тарас, Федор, Федот, Анна, Валерия, Зинаида, Калерия, Мария, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта