На Віцебшчыне знаходзіцца 72,5% ад занятых баршчэўнікам Сасноўскага плошчаў краіны. У Міёрскім раёне іх 38 гектар. Пра маштабную кампанію па знішчэнні зараснікаў расказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр ВАЯВОДАЎ.
Барацьба з баршчэўнікам стала праблемай сусветнага маштабу. Згодна з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам ад 9 лістапада 2010 г. № 575, пранікненне ў навакольнае асяроддзе інвазіўных відаў жывёл і раслін
прызнана адной з пагроз нацыянальнай бяспекі ў экалагічнай сферы.
Некалі высокаўраджайны баршчэўнік Сасноўскага забяспечваў запас сіласа для жывёлы. Чаму цяпер не яго выкарыстоўваем па прызначэнні?
— Сілас з баршчэўніку атрымліваецца нізкаякасны, а малако ў кароў становіцца гарклявым. Пасля яго землі непрыдатныя для выкарыстання, нават небяспечныя для здароўя людзей.
Дзе на Міёршчыне распаўсюджана расліна?
— Асноўныя зараснікі сканцэнтраваны ў ААТ “Дрыгучы”, “Туркова”, “Папшулі”,“Мікалаёва”, “Пад’ельцы”, “Узмёнскі край”, “Чэрасы”, КУП “Язна”, УП “Міёрскі”, “Юбілейны” і райаграсэрвісе.
Дробнае насенне разносіць вецер. У глебе яно можа ляжаць да пяці-васьмі гадоў, і не губляць усхоласці. Адна расліна здольна сфарміраваць дзясяткі тысяч насення. Зарастаюць абочыны дарог, нізіны і пашы. Самае страшнае, што яго ядавітыя рэчывы выцясняюць іншыя дзікарастучыя расліны.
Якімі сіламі і спосабамі змагаемся з ёй?
— Тры брыгады дзейнічаюць на базе райаграсэрвісу, Язненскага і Міёрскага ПМС. У іх арсенале тры трактары, тры касілкі, тры бензакасы, тры ранцавыя і два звычайныя апырсквальнікі. Змагаюцца з баршчэўнікам дзевяць чалавек, у асноўным механічнымі спосабамі: выкошваюць, уносяць хімічны прэпарат “Тэрсан”. Эфектыўна камбінаваць іх: спачатку скасіць, потым апрацаваць гербіцыдамі. Прычым такую работу неабходна праводзіць рэгулярна. Абавязковая паўторная апрацоўка. Добра дапамагае і разворванне земляў, калі плугамі пераварочваецца верхні слой глебы. Парушаецца каранёвая сістэма расліны. Аднак баршчэўнік расце ў канавах, у лясным масіве, таму не заўсёды гэты спосаб падыходзіць. Можна выдаляць расліны з каранямі, накрываць цёмнай плёнкай. Толькі гэтыя спосабы выкарыстоўваюцца на маленькіх плантацыях.
Хто адказны за вынішчэнне зараснікаў?
— Заклапочаны і дапамагаюць у вырашэнні праблемы райвыканкам, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання. Аднак адказнасць нясуць самі землекарыстальнікі. Ім выдалі прадпісанні: неабходна закончыць апрацоўку да канца мая. Да тых, хто не справіцца з задачай, прыменяць меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Штрафы складаюць да 20 базавых велічынь.
Нагадайце пра меры бяспекі пры кантакце з баршчэўнікам?
— Для скошвання баршчэўніку на вялікай плошчы, неабходна спецыяльнае воданепранікальнае адзенне, гумовыя боты і пальчаткі, ахоўныя акуляры, рэспіратар. Калі ж аб’ёмы меншыя, выкарыстоўваюць вопратку з доўгімі рукавамі і закрытым каўняром, ахоўныя акуляры.
Пажадана працаваць у пахмурныя дні, каб на цела, куды трапіў сок расліны, не свяціла сонца. Лепш пазбягаць кантакту з баршчэўнікам, калі на ім ляжыць раса. Пасля работы вымыць адкрытыя ўчасткі цела вадой з мылам, працерці адэкалонам або спіртам.
Калі сок трапіў на скуру, адразу прамыць вялікай колькасцю прахалоднай вады. Змазаць апёк супрацьзапаленчым крэмам: пантэнолам, алазолем. Ні ў якім выпадку не чапаць пузыры і накласці стэрыльную павязку. Пры неабходнасці звярнуцца ў бальніцу.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыла Алена ВАРОНІНА.