Авторизация
 

Егер ТАА “Абстэрна” Валянцін ЦІМАФЕЎ здабыў за 24 гады 25 драпежнікаў

 Закончыўся чарговы паляўнічы сезон. Для егера ТАА “Абстэрна” Валянціна ЦІМАФЕЕВА ён аказаўся паспяховым: здабыў дзевяць ваўкоў, двух дарослых і сем маленькіх. А ўсяго за 24 гады на свой рахунак запісаў 25 драпежнікаў. Між тым, паляванне на шэрага разбойніка самае складанае ў нашых умовах, бо трэба адолець хітрага і асцярожнага звера. Гэта ўдаецца далёка не кожнаму і не заўсёды.

Валянцін Цімафееў з 2005 года сочыць за парадкам у паляўнічых угоддзях паблізу Новага Пагоста. 

ВАЛЯНЦІН ПЯТРОВІЧ нарадзіўся ў вёсцы Фралоўшчына ў працавітай сялянскай сям’і. Бацька Пётр Сямёнавіч вярнуўся з фронту інвалідам. Ваяваў нядоўга — са жніўня 1944 да студзеня пераможнага 1945-га, затое кулямётчыкам у пяхоце, дзе першым запаветам у баі было выявіць гэтую грозную зброю і знішчыць яе. Маці Адаф’я Андрэеўна працавала паштальёнам у Волкаўшчыне. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей.


Валянцін з братам Анатолем і сястрой Раісай з дзяцінства жылі ў прыгожых мясцінах сярод лясоў, балот і пагоркаў. Гулялі ў акружэнні прыроды, у навакольных лясах збіралі грыбы і ягады, на возеры Вісяты лавілі рыбу, паўсюдна назіралі за ляснымі жыхарамі. Бацькі прывівалі ім любоў да ўсяго жывога. Па дарозе ў пачатковую школу ў Дзянісы Валянцін ведаў усе расліны, па слядах звяроў і птушак мог расказаць пра паводзіны дзікіх насельнікаў ваколіц. Рана захапіўся паляваннем і нават купіў сабе стрэльбу.Тады паходы па ваколіцах сталі больш мэтанакіраванымі.


Пасля службы ў арміі Валянцін Пятровіч вярнуўся ў родныя мясціны, уладкаваўся вадзіцелем у калгас “Рассвет”, яго спадарожніцай па жыцці стала прыгожая дзяўчына і старанная лабарантка Наталля. Стварылі сям’ю, завялі гаспадарку, расцілі сабе памочніка — сыночка Сяргейку. Гаспадар захапіўся пчалярствам. Але гэта не перашкаджала яго даўняму занятку — паляванню.


ПАХОДЫ са стрэльбай прыносілі не толькі задавальненне ад сустрэч з прыродай. Даволі часта паляўнічы бачыў рэшткі дзікіх жывёл, што сталі ахвярамі “лясных санітараў”. Часцей гэта былі маладыя казулі, ласяняты, дзікія парасяты, зайцы, нават дамашнія авечкі ці жарабяты, якія пасвіліся паблізу лесу летам. Зімой драпежнікі нават заходзілі ў населеныя пункты, загрызалі навязаных на ланцугі сабак. Апавядалі, што аднойчы ў Волкаўшчыне ці то Ваўчках (не выпадковыя назвы!) воўк ледзь не забег у хату, даганяючы галоднай зімой дваровага Шарыка. Паступова ў Валянціна Пятровіча выспявала думка ўступіць у барацьбу з драпежнікамі. Таму вывучаў асаблівасці іх паводзін, вучыўся “чытаць” сляды, прадугледжваць паводзіны. Знаёміўся з вопытам аўтарытэтных ваўчатнікаў.


Час ступіць “на сцежку вайны” з драпежнікамі настаў у 1994-м, калі Валянцін Пятровіч уступіў у рады беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Тады і адкрыў свой “баявы рахунак”. З 2005-га ён ужо прафесіянал — егер ТАА “Абстэрна” сочыць за парадкам ва ўгоддзях паблізу Новага Пагоста, дзе жыве, арганізуе паляванне для мясцовых аматараў, і для прыезджых.


— Работа падабаецца, яна мне па душы, бо заўсёды побач лес, свежае паветра, прыгажосць, — сцвярджае Валянцін. — У маіх угоддзях водзяцца ласі, казулі, куніцы, зайцы, лісіцы, яноты, бабры. Раней было шмат дзікоў, здабываць іх наведваліся чэхі, французы, немцы, нарвежцы, нават індус. Цяпер палююць пераважна мінчане і расіяне. Вядома, самае цікавае для сапраўднага паляўнічага — здабыць ваўка!


 АСНОВАЙ паляўнічага шчасця Валянцін Пятровіч лічыць назіральнасць. Хаця яна заўсёды ідзе поруч з настойлівасцю, імкненнем не адступаць. Калі заўважыў у лесе рэшткі адной ваўчынай “трапезы”, пачаў шукаць паблізу сляды наступных. Выявіў некалькі — побач павінна знаходзіцца логава. Хадзіў днямі, шукаў тыднямі, начамі назіраў, пакуль аднойчы не ўбачыў у высокай траве ад месца чарговага “абеду” ледзь прыкметную сцяжынку. Яна прывяла да вываратня, а там з нары высунулася маленькае ваўчанятка…


Сам залез у нару, каб дастаць адтуль васьмярых ваўчанят. Раптам з’явілася ваўчыца, давялося па ёй страляць з не надта зручнага становішча. Потым нёс вывадак з лесу, а спінай адчуваў недалёкае небяспечнае праследаванне…


У 2014-м Валянцін Пятровіч выявіў яшчэ адзін вывадак з сямі ваўчанят.


Сёлета яго трафеем сталі два дарослыя ваўкі. З улікам ранейшых вялікіх і маленькіх драпежнікаў агульная колькасць дасягнула 25. Гэта колькі ўдалося захаваць паляўнічай жывёлы на карысць лесу?!


ЛЕС для аматара палявання — крыніца бадзёрасці і прыемных клопатаў. Трэба ведаць на вялікіх абшарах усіх жыхароў і расліны, каб арганізоўваць паляванне на адных і аберагаць іншых, праводзіць біятэхнічныя мерапрыемствы, падкормку ў зімовую сцюжу, абсталёўваць стралковыя вышкі, лініі і скрадкі…


Паляўнічая гаспадарка патрабуе не меншых клопатаў, чым любая іншая. І як добра, калі займаешся ёй па закліку душы, грунтуючыся на трывалым уласным сямейным ладзе. Дарэчы, з любай Наталляй Уладзіміраўнай разам тры дзясяткі гадоў. Падрастае ўнучок Арцёмка, пакуль дапамагае бабулі карміць курэй. Але калісьці і дзядулю паднясе стрэльбу. 

Фота аўтара.

Кася КАВАЛЁНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 992
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 69 885
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 35 532
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 34 276
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 33 691
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 983
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 996
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 декабря 2018
Андрей, Иван

Именины 12 декабря 2018
Даниил, Денис, Иван, Николай, Парамон, Сергей, Федор

Госці краін
free counters
Партнеры сайта