З пачатку красавіка дзейнічае забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы, якая працягваецца да 30 мая. Гэта ўводзіцца для стварэння найбольш спрыяльных умоў нерасту. У дадзены перыяд нельга лавіць прамысловую рыбу на ўсіх вадаёмах, за выключэннем прамысловай лоўлі мігруючага вугра ў месцах, якія вызначаны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аматарскае рыбалоўства ў гэты перыяд дазваляецца толькі ў светлы час сутак, з берага, з адной вудай і адным кручком або адным спінінгам, які аснашчаны штучнай прыманкай, з адным адзіночным, двайным або трайным кручком не больш №10. Масты, кладкі і іншыя аналагічныя збудаванні не з’яўляюцца часткай берага, а адносяцца да гідратэхнічных, лоўля з іх забаронена. Пры аматарскім рыбалоўстве трэба захоўваць устаноўленую прамысловую меру на ўлоў. У выпадку, калі колькасць рыбы, не дасягнуўшай мінімальнай меры, складзе больш 20% ад агульнай колькасці, рыбакі панясуць пакаранне.
Правіламі дазволены вылаў не больш 5 кг на аднаго рыбалова ў суткі і адной рыбіны, калі агульная вага ў суме будзе перавышаць 5 кг. Дадзеная норма рыбы распаўсюджваецца на ўсе вадаёмы.
Д. ПАЛУЭКТАЎ, дзяржінспектар Браслаўскай МРІ АЖ і РС.