Галоўная > Пошта > Стварыце казку ў двары

Стварыце казку ў двары


4-11-2013, 15:10. размясціў: gazeta

Калі я чатыры гады назад пачаў займацца вырабам малых архітэктурных форм, ставіў перад сабой мэту выхаванне чалавека, асабліва падрастаючага пакалення. Як педагог, быў упэўнены, што дзіця павінна выхоўвацца на станоўчых эмоцыях, а самы ўдалы матэрыял для гэтага казкі. Сярод маіх кампазіцый "Папялушка", "Сіўка-бурка", "Багатыры", "Мцыры. Бой з барсам", "Казка пра цара Салтана", "У лукоморья дуб зелёный", "Варона і лісіца", "Воўк і жораў", "Алёнушка и братец Иванушка", "Залатая рыбка" і шэраг іншых.

 

Я не вельмі люблю тыражыраваць свае вырабы, але пры неабходнасці раблю некалькіх экзэмпляраў.  Сярод іх кампазіцыі пад назвай "Пасеяў дзед рэпку", якія падарыў дзіцячым садкам у Дзісне, Туркове і Папшулях. Дзеці засталіся вельмі задаволеныя.

Летась і сёлета маю сядзібу наведвалі выхаванцы Дзісенскага садка. Трэба было бачыць, якой радасцю ззялі іх вочы. Усе пайшлі ад мяне з падарункамі, хаця пакідаць мой казачны свет не хацелі.

 

Захапленне творчай дзейнасцю — справа цікавая і карысная, але з кожным годам яна вырастае ў цане. Кошт інструментаў і матэрыялу для вырабаў зашкалівае. Зараз я ўжо не маю магчымасці раздорваць сваіх герояў і кампазіцыі. Таму прапаную наладзіць іх вытворчасць у школьных майстэрнях. Магу аказваць дапамогу настаўнікам працоўнага навучання ў вырабе малых архітэктурных форм для дзіцячых садкоў.

 

Маімі рэкамендацыямі ўжо скарысталіся многія. Два гады таму, калі ў газеце "Беларускі час" быў надрукаваны мой артыкул і здымкі, атрымаў пісьмо ад настаўніцы-пенсіянеркі з Мінскага раёна з просьбай выслаць чарцяжы некаторых кампазіцый. Нейкім чынам пра мяне даведаліся нават у Падмаскоўі. І там некаторыя падвор'і ўпрыгожваюць вырабы, зробленыя па маіх тэхналогіях. Былая калега па Акунёўскай школе з вёскі Гараны Полацкага раёна таксама дзякуючы мне ўпрыгожыла сваю сядзібу. І скверык для адпачынку пацыентаў прыватнай стаматалагічнай паліклінікі ў Полацку радуе людзей казачнымі героямі. Гаранская школа таксама пажадала мець у сваім панадворку "Алёнушку и братца Иванушку" і "Пасеяў дзед рэпку".

 

Дапамагаю і нашым людзям. Сядзібы Ганебных з Акунёва і Шыпіла з Сіцькова ўжо некалькі гадоў запар прызнаюцца лепшымі ў сельсавеце. А Віктар Іванавіч і Алена Мікалаеўна Сташкевічы летась прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні падвор'яў і занялі першае месца.

 

Фадзей ШЫМУКОВІЧ.


Вярнуцца назад