Письмо в Язно. Благодарность землякам
gazeta 10-06-2020, 12:00 413 ПоштаУ рэдакцыю даслала ліст ураджэнка Язна Ірына Астроўская. Адрасавала яго сваім землякам. Цеплынёй і бязмернай удзячнасцю вее ад гэтага паслання.
– Даўно мелася напісаць, але ўсё замінала нешта… Сказаць, што не было часу – ды не, гэта не будзе праўдай. Хутчэй за ўсё, здавалася, што наперадзе яшчэ даволі дзён і часу хопіць на ўсё. Але з прыходам пандэміі разуменне мажлівасці змянілася – адчуўся нейкі горкі смак раптоўнасці.
А звярнуцца мне хацелася да сваіх землякоў, якія засталіся жыць у Язне. Гэтым сваім лістом я вітаюся з тымі, хто ведае, а можа падчас і ўзгадвае мяне. Хачу падзякаваць кожнаму з вас, хто калісьці дапамог мне: звязаў мятлу для панадворка ці накрышыў дзежку капусты на зіму; адагнаў па восені бульбу ці прывёз мяхі дахаты; назбіраў першых вясновых пралесак ці напаіў бярозавым сокам; разам са мной паслухаў салаўя ці ўдыхнуў гаркаваты водар чаромхі; навучыў ставіць коскі пры пісьме ці складаць лічбы пры вылічэнні; распавёў пра дарослае жыццё ці падставіў плячо ў складай сітуацыі. Дзверы многіх хат адчынены для мяне – хтосьці мой сябар, іншы сябраваў з маімі бацькамі, трэція – бацькі таварышаў. Нідзе з такой цеплынёй не сустракаюць мяне, як дома. Шчыра запрашаюць за стол і частуюць немудрагелістымі, але такімі смачнымі стравамі. Дзякую вам за гэта!
Удзячна тым, хто жыў па-суседству і хто пазней сустракаўся мне ў жыцці. Дзякую чалавеку, які бег ратаваць майго бацьку, а праз некалькі гадоў зрабіў усё, каб зберагчы маю маці. Шчыры дзякуй яму – чалавеку, на якога мы, раз’ехаўшыся па гарадах, пакінулі сваіх састарэлых і не заўсёды здаровых бацькоў. Ад імя ўсіх дарослых дзяцей – дзякуй!
… Плынню незваротных гадоў працякае жыццё. Адзін за адным набягаюць хвалямі ўспаміны юнацтва, кранаюць душу пяшчотным смуткам і клічуць нячутнымі галасамі мясціны цяпер такога далёкага жыцця. Усё часцей успыхваюць падрабязныя малюнкі мінулага і скрабе на сэрцы нявыказанае шкадаванне…
Шкадаванне ад таго, што ніколі не вернецца адчуванне цяпла, якім грэла ўлетку родная зямля мае нястомныя босыя ногі, што ніколі болей не вырасце тое жыта, гарэзлівае калоссе якога чаплялася за мае валасы, калі бегла па вузенькай сцежцы праз духмяную веліч збажыны і чакала моманту, каб вырвацца з-пад яго палону на скошаную пожню, удыхнуць поўныя грудзі паветра і, блытаючыся ў рамонках, падскокваючы, імчаць па сваіх дзіцячых справах, падстаўляючы сонцу мурзатыя ад паземак шчокі…
Дзякуй табе, Жыццё, за гэтыя ўспаміны. Дзякуй за кожную сустрэчу з людзьмі, якіх дарыў мне Лёс. Кожнаму з іх я гавару «вялікі дзякуй». Даруйце тыя, каму спазнілася сказаць. На жаль, многія ўжо не пачуюць маіх слоў… На жаль!!!
Фота для ілюстрацыі.
З бязмежнай павагай, заўсёды ваша Ірына АСТРОЎСКАЯ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.