Жыхарам невялікіх вёсачак даступна толькі адна гандлёвая кропка – аўтамагазін, што прыязджае па графіку. Таму важна, каб у ім хапала і харчовых, і прамысловых тавараў. Сяльчане з Грэцкіх асартыментам і абслугоўваннем задаволены.
Два разы на тыдзень, без спазненняў, з шырокім асартыментам прыязджае магазін у вёску. За рулём – Васіль Леўша, за «прылаўкам» – Алена Васільева.
– Вадзіцель як з трасы ў вёску паверне, адразу сігналіць. Мы ўжо ведаем, хто едзе, – расказвае мясцовая жыхарка Ала Феафанаўна Шэнда. – У аўталаўцы можна купіць усе тавары першай неабходнасці. Нават марожанае на заказ прывозяць. І хлеб свежы, і каўбасы на выбар, і фрукты. Заўжды ў наяўнасці сродкі гігіены, бытавая хімія. Абслугоўваюць уважліва, ветліва, выконваюць заяўкі. Удзячны работнікам нашага магазіна на колах. Жадаем ім добрага здароўя, лёгкіх дарог і запаслівых пакупнікоў.
Да слоў сяльчан з Грэцкіх далучаюцца дзве пакупніцы з суседняй вёскі Ліпаўка. Але да нядаўняга часу аўтамагазін не заўсёды мог даехаць да іх па разбітай дарозе. Праблему вырашылі.
Ларыса Ігнатаўна Пацеенак і Лізавета Мікалаеўна Пацеенак – адзіныя пастаянныя жыхаркі Ліпаўкі. З Грэцкіх сюды вядзе грунтавая дарога, па якой пасля асенніх дажджоў з цяжкасцю праязджалі аўтамабілі. Сяльчанкі турбаваліся, як да іх будуць дабірацца аўталаўка, пошта, хуткая дапамога. Цяпер падстаў для перажыванняў няма.
Дарогу прагрэйдзіравалі, падсыпалі, прывялі ў парадак. За гэта пенсіянеркі ўдзячны работнікам ДРБУ № 203 і асабіста кіраўніку Ніне Пяткевіч, якая аператыўна адрэагавала на просьбу дапамагчы.
Фота для ілюстрацыі. Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.