Безумоўна, гісторыю трэба ведаць. Непахісную ісціну нам паўтараюць са школьнай лаўкі. Але навошта гэтыя веды? Адказаў можа быць шмат. Пацікавіліся меркаваннем у прадстаўнікоў старэйшага пакалення.
Галіна Віктараўна Януш, Міёры:
– Гісторыю свайго народа, сваёй краіны абавязкова трэба ведаць. І быць не проста назіральнікам мінулага. Важна імкнуцца яго прааналізаваць. Каб ганарыцца слаўнымі імёнамі і здабыткамі, каб не паўтараць памылак. У сучасных календарах застаецца чырвонай дата 7 лістапада. Далёкай Кастрычніцкай рэвалюцыі нельга даць адназначную ацэнку. Яна забрала нямала непавінных ахвяр. Напрыклад, з тэрыторыі сучаснага Міёрскага благачыння за веру паплаціліся 19 святароў, прычым чацвёра – жыццём. Пра гэта таксама нельга забываць. Не для таго, каб папракаць мінулае, а каб засцерагчы будучае.
Валерый ШАЎЧОНАК, Міёры:
– Гісторыя – галоўная ў жыцці навука. На веданні і самастойным аналізе значных падзей будуюцца наша самасвядомасць і ўяўленні аб рэальным свеце. Агульная гісторыя нас аб’ядноўвае, дае дастаткова падстаў ганарыцца сваёй краінай. Але вельмі важна, каб гістарычныя звесткі мы чэрпалі дакладныя і дакументальна вывераныя. Лепш за ўсё – з першакрыніц. Заснаваныя не на чутках і здагадках, а выключна праўдзівыя. Гэта важна не толькі для нас саміх, але і для будучых пакаленняў, каму веды перададзім.
Раіса Аляксандраўна Шымуковіч, вёска Сіцькова:
– Гісторыя – як біяграфія чалавека. Знаёмячыся з кімсьці, мы пытаемся пра імя, месца жыхарства, сямейнае становішча, прафесію і матывы яе выбару, пройдзеныя шляхі. Знаёмства з краінамі таксама не будзе поўным, калі не ведаць іх мінулага. Гісторыя пашырае кругагляд, вучыць разважаць. Самае частае пытанне, якое я задавала сваім вучням на ўроках гісторыі – «Чаму?» Чаму здарылася тая ці іншая падзея: што гэтаму паспрыяла і да чаго прывяло ў выніку. Аналізуючы мінулае, пачынаеш лепш разбірацца ў цяперашнім, з разуменнем ставіцца да розных жыццёвых сітуацый.
Мікалай КОЗЕЛ, вёска Вугольнікі Язненскага сельсавета:
– Кажуць, што без мінулага няма будучыні. На самой справе будучыня ёсць, але невядома, якая. Мінулае трэба ведаць, бо гэта наша каранёвая сістэма. А кожны сучасны чалавек ёсць працяг людзей, што жылі да яго. Каб не паўтараць памылкі і каб заставацца людзьмі, трэба помніць, адкуль мы ўзяліся, як мы жылі, як памыляліся. Гісторыя – наша багацце. І адносіцца да яе трэба з павагай.
Фота з архіва рэдакцыі.