Авторизация
 

Жывёлаводы УП «Цітова» Фёдар Іваноў і Алена Харобрая - ў клопатах ад ранку да цямна

 Здаецца, толькі на вясковым прыволлі можна па-сапраўднаму спазнаць і ацаніць летнія радасці: настоенае на водары кветак і траў паветра, прыемную прахалоду рачной ці азёрнай вады, смак сарваных з градкі клубніц… Вось толькі ў саміх сяльчан зусім няшмат часу на бесклапотнасць. Асабліва ў тых, хто заняты ў сельскай гаспадарцы.

 

З жывёлаводамі УП «Цітова» Фёдарам Івановым і Аленай Харобрай пазнаёміліся ў адміністрацыйным будынку гаспадаркі. Іх папрасілі прыйсці сюды, каб сфатаграфавацца для Дошкі гонару сельгаспрадпрыемства. У пастуха Фёдара Піманавіча якраз быў выхадны. Даярка Алена Мар’янаўна паспела крыху адпачыць пасля ранішняй дойкі. Перад фотааб’ектывам работнікам сельскай гаспадаркі нязвыкла. У зносінах з імі лёгка і проста. Першапачатковая сціпласць пакрысе саступае месца ўласцівым сельскім жыхарам адкрытасці і шчырасці.

 

Графік – суткі праз двое, а работа штодня

– У Цвеціне жыву і працую з 2007 года, а жывёлаводам усё жыццё заняты, – расказвае Фёдар Піманавіч. – Як прыйшоў з арміі, уладкаваўся у калгас «Ленінскі шлях». Так называлася гаспадарка ў маёй роднай вёсцы Забалоцце, што за Пераброддзем. Пасля працаваў у Даўгінаве, Узмёнах.

 
Халоднай парой Фёдар Іваноў – вартаўнік на ферме, а летам даглядае кароў у полі. На першы погляд справа пастуха здаецца простай: глядзі сабе за жывёлай ды насычай лёгкія свежым паветрам. Аднак надвор’е не заўсёды бывае цёплым і сонечным, сачыць трэба не толькі за статкам, але і за станам даільнага абсталявання, пасля кожнай дойкі пераганяць кароў на новае месца.

 
– Яшчэ ні разу жывёла ад мяне не ўцякала, – гаворыць пастух і, згодна з народнай перасцярогай, тройчы сплёўвае праз левае плячо. – Адзін на адзін са статкам мне не сумна. Графік работы зручны – суткі праз двое. Заробак своечасова выплочваюць.
Вольныя ад работы дні Фёдар Піманавіч праводзіць у клопатах дома. У гаспадарцы конь, карова, свінні, куры. Гадаванцаў і агарод даглядаюць разам з жонкай Марыяй Міхайлаўнай. Нарыхтоўваць сена дапамагае гаспадарка. Па словах сяльчаніна, вольнага часу ў яго няшмат. На сваёй зямлі справіцца – іншым дапаможа.

 

 Кубачак кавы ў чатыры раніцы

На падворку аператара машыннага даення Алены Харобрай таксама ёсць гадаванцы – конь і парасяты. Гародніну вырошчвае.
– Бульбы для сябе пару градак пасадзіла, астатняе ў гаспадарцы выпісала. Там і пасадзяць, і дагледзяць. Мне толькі выкапаць застанецца і дадому прывезці. Такім чынам і зерне заказваю. Гэта зручна, – расказвае сяльчанка. – Добра ў вёсцы. У нас домік ад гаспадаркі. Праца цяжкая, але заробак таго варты. Прапаноўвалі работу ў іншых гаспадарках, але мне тут падабаецца. Дырэктар наш Франц Віктаравіч добры, яго намеснік па жывёлагадоўлі Даната Целясфораўна заўсёды дапаможа розныя пытанні вырашыць.

 
Ва УП «Цітова» Алена Харобрая працуе 11 гадоў. Родам яна з Браслаўскага раёна, пэўны час жыла ў Віцебску. Пасля пераехала ў Міёрскі раён у вёску Манякова, была тэхработнікам ў Дзісненскай школе-інтэрнаце. На работу ў гаспадарку яе запрасіла былы кіраўнік Марыя Сцяпанава.

 
– Напачатку я кароў баялася, нават падыходзіць да іх страшна было, – успамінае старшая даярка. – Пакрысе прывыкла. Калегі дапамаглі асвоіць гэту справу. Усяму навучылася.

 
Дзень Алены Мар’янаўны пачынаецца каля чатырох раніцы з кубачка кавы, каб прагнаць сон. У 4.20 прыяз- джае машына, на якой летам едуць на палеткі, а зімой на ферму. А палове дзявятай ужо дома і да пачатку дванаццатай ёсць час на хатнія справы. З дзённай дойкі вяртаецца ў дзве гадзіны. На вячэрнюю ад’язджае а палове шостай, вяртаецца ў 20.30.

 
– Пакуль дома, шмат чаго можна зрабіць і адпачыць крыху. Спаць, канешне, хочацца, але прывыкла да такога рэжыму дня, – расказвае размоўніца. – Спраўляцца з клопатамі дапамагае дачка Алеся. У хаце прыбярэ, абед прыгатуе. Дарослая ўжо, у 11 клас пойдзе.

 
Падчас гутаркі з сяльчанамі не гучала скарг на цяжкасці і нараканняў на лёс. Звыклыя да працы, якая стала іх ладам жыцця, яны акцэнтуюць увагу на тым добрым, што маюць, і ўмеюць гэта цаніць.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта