На пачатку новага года пад кіраўніцтвам шэфмантажнікаў – супрацоўнікаў кампаніі «SMS group» пасля прамыўкі і запаўнення гідраўлічных сістэм пачалася пракрутка рэверснага стана RСМ, першага ва ўсёй лінейцы абсталявання металапракатнага цэха. З боку ТАА «ММПЗ-групп» кантроль работ ажыццяўляе выконваючы абавязкі галоўнага механіка Аляксандр Ганчарэнка. Аперацыя вельмі чаканая і надта адказная, бо пачаргова правяраюцца вынікі ўсёй раней выкананай работы: правільнасць злучэння агрэгатаў, герметычнасць трубаправодаў і гідраапаратуры, узаемадзеянне іх між з сабой і іншае.
Генеральны дырэктар Пётр Шымуковіч сцвярджае: на працягу выпрабаванняў правяраемыя механізмы працуюць без збою, злучэнні трубапровадаў зроблены правільна, іх герметычнасць у норме. Практычна ўвесь люты, у цэлым шэсць тыдняў, гэта пракрутка будзе працягвацца. Паступова ў кантрольныя працэсы ўцягнуць іншых спецыялістаў ТАА «ММПЗ-групп», каб усебакова ацаніць якасць мантажу.
Затым такое ж выпрабаванне чакае лінію ачысткі ЕСL, мантажныя работы на ёй да гэтага часу завершаць. Больш чым на 90 % выкананы мантаж каўпаковых печаў ВАF, наперадзе праверка якасці зваркі, падключэнняў і злучэнняў, дзейнасці апаратуры. 80 і больш працэнтаў складае гатоўнасць наступнага стана DСR, які павінен карэкціраваць таўшчыню пракатанага і апаленага металічнага ліста. Больш спраў трэба пакуль выканаць на самай працяглай лініі луджэння. Але і патрэба ў яе пракрутцы ўзнікне недзе ў сакавіку – красавіку.
Працягваюцца работы на іншых участках ММПЗ. Актыўна выконваюцца работы на водападрыхтоўцы, правяраюцца ў дзеянні інжынерныя сеткі, наколькі дазваляе надвор’е, вядзецца добраўпарадкаванне. Колькасць будаўнікоў на аб’ектах будучага завода паступова памяншаецца, з устаноўленым і ўстанаўліваемым абсталяваннем паступова знаёмяцца будучыя эксплуатацыйнікі. А некаторыя, як на рэверсным стане, ужо практыкуюцца.
Фота прадастаўлена ММПЗ.
Леанід МАТЭЛЕНАК.