Сістэматычна выяўляюцца парушэнні і недахопы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні ў належным стане населеных пунктаў, арганізацый, іншых аб’ектаў.
Гарачая лінія
Сёлета ў віцебскай спецаўтабазе выкрыты факты дрэннай арганізацыі збору і выдалення цвёрдых камунальных адходаў, з-за чаго кантэйнеры перапоўнены, адходамі загрувашчаны пляцоўкі і прылеглыя тэрыторыі.
Толькі пасля ўмяшальніцтва Камітэта пачалі наводзіць парадак у двары жылога дома № 7 у вёсцы Дачная Аршанскага раёна і ля размешчанага побач «Лакі Транс», выдаляць баршчэўнік Сасноўскага.
Цяпер Камітэт дзяржаўнага кантролю вывучае дзейнасць створаных абласных кантакт-цэнтраў і адзіных дыспетчарскіх служб з кароткім нумарам 115. У сувязі з гэтым у сераду, 29 мая, адбудзецца гарачая лінія па пытанні эфектыўнасці работы адзіных дыспетчарскіх служб, у тым ліку накіраванай на папярэджанне абгрунтаваных прэтэнзій, паўнату і своечасовасць выканання заявак.
Звяртацца можна з 10.00 да 15.00 на нумар 8 (0212) 37 50 41.
Аб'екты меліярацыі – на ўлік
У 2016 – 2018 гадах выяўляліся факты непрыняцця на бухгалтарскі ўлік аб'ектаў выключнай дзяржаўнай уласнасці – меліярацыйных сістэм (іх частак). Па гэтым пытанні праводзілі калегію Камітэта вобласці. Прынята рашэнне аблвыканкама, патрабуючае ад органаў улады і суб'ектаў гаспадарання абавязковага выканання патрабаванняў заканадаўства, якое рэгламентуе ўлік аб'ектаў меліярацыі.
Аднак праведзены ў сакавіку сёлета маніторынг выявіў новыя парушэнні. Па прычыне невыканання ўскладзеных на Браслаўскі, Віцебскі, Глыбоцкі, Дубровенскі, Аршанскі, Полацкі і Пастаўскі райвыканкамы абавязкаў з 23 пабудаваных (рэканструяваных) летась меліярацыйных сістэм сем аказаліся фактычна безгаспадарчай дзяржаўнай маёмасцю агульным коштам 1,9 мільёна рублёў.
Вінаватым накіраваны рэкамендацыі па выпраўленні парушэнняў. У выпадку невыканання будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці.
Не хапае медкадраў і абсталявання
На гарачую тэлефонную лінію паступілі скаргі па пытаннях функцыянавання сістэмы аховы здароўя вобласці, пры разглядзе якіх выкрыліся іншыя праблемы.
Адзначаны дэфіцыт урачэбных кадраў і напружанасць у рабоце медыкаў, што прыводзіць да ўтварэння чэргаў у паліклініках, садзейнічае павелічэнню зваротаў за платнымі паслугамі ў прыватныя клінікі. З-за зносу медыцынскага абсталявання і недахопу сучаснага ў асобных выпадках чакаюць абследавання да 9 месяцаў.
Для комплекснага вырашэння праблем Міністэрства аховы здароўя і профільнае галоўнае ўпраўленне Віцебскага аблвыканкама прымае меры па закупе медыцынскага абсталявання. Так, у бягучым годзе новыя УЗІ-апараты паставяць у Бешанковіцкую, Дубровенскую і Сенненскую райбальніцы, апарат МРТ – у Полацкі раён. Пераглядаецца парадак размеркавання выпускнікоў медыцынскіх вну для задавольвання патрэб рэгіёнаў у кадрах.
Па выніках сумеснай калегіі прынята пастанова, згодна з якой дадзены даручэнні на абласным узроўні перагле- дзець парадак запісу на прыём да спецыялістаў, забяспечыўшы ўлік чаргі без абмежавання перыядам выдачы талонаў, знайсці магчымасць укараніць аказанне платных паслуг у вячэрні час і выхадныя дні, прадоўжыць работы па завяршэнні будаўніцтва і рамонту аб'ектаў аховы здароўя, а таксама выдзеліць установам новае медабсталяванне.