Состоялось заседание по подготовке к празднованию Победы

 На мінулым тыдні адбылося першае пасяджэнне абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Падобныя структуры створаны ў кожным раёне. 

Відавочцаў тых страшных падзей з кожным годам усё менш. Зараз на тэрыторыі вобласці налічваецца 1021 чалавек, з іх 542 — удзельнікі і інваліды вайны, 243 — узнагароджаныя медалямі за самаадданую працу, 3575 былых вязняў. Імкліва радзеюць рады афганцаў: два гады таму налічвалася 5 тысяч, а сёння — 2900. Кожны з гэтых людзей варты ўвагі і клопату. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што неабходна ў чарговы раз праверыць сацыяльна-бытавыя ўмовы іх пражывання, правесці медыцынскі агляд, хто мае патрэбу — накіраваць на санаторна-курортнае лячэнне.


Работа ў гэтым накірунку не прыпынялася, адказныя службы і ведамствы прыходзяць на дапамогу ў любую хвіліну. Пра гэта праінфармавалі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Людміла Кавалёва.


Працягваецца даследчая дзейнасць па ўвекавечанні памяці і ўстанаўленні імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Летась іх выявілі каля тысячы. Па-ранейшаму актуальныя цімураўскія і валанцёрскія справы сярод юных, падлеткаў і моладзі.


Указам прэзідэнта №408 вызначаны задачы па ўвекавечанні памяці паўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах вайны, добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, помнікаў. Асабліва важная ў юбілейны год работа з электроннай базай дадзеных па пошуку загінуўшых. Летась зверылі больш за 10 тысяч прозвішчаў. А за ўвесь перыяд дзеяння электроннай базы — восем гадоў — выявілі звыш 30 тысяч дадзеных пра чырвонаармейцаў, прозвішчы якіх раней не значыліся ў спісах. Складзена падрабязная картатэка на 154 тысячы загінуўшых воінаў і 41 тысячу землякоў. Дадзеныя пра барацьбітоў, якія загінулі на тэрыторыі Віцебшчыны, без вестак прапаўшых, удзельнікаў партызанскага руху, жыхароў, знішчаных фашыстамі, збіраюцца і цяпер.


Як ідзе падрыхтоўка да юбілейнай даты, дэталёва разгледзяць на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Фота для ілюстрацыі.
Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.