Миорчанин на научно-практической конференции "Витебский край"

 Нядаўна мне пашчасціла ўдзельнічаць у трэцяй міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Віцебскі край", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Яе арганізатарамі выступілі абласныя бібліятэка імя У.І. Леніна і краязнаўчы музей, дзяржуніверсітэт імя П.М. Машэрава. У якасці ўдзельнікаў і выступоўцаў запрасілі навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў школ і гімназій, музейных і бібліятэчных работнікаў.

Напачатку мерапрыемства адбылася прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы абласной бібліятэцы факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". Яго ўдзельнікаў віталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі.


Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі прысвячалася асобе і дзейнасці беларускага першадрукара. Затым работа працягвалася ў чатырох секцыях па розных аспектах краязнаўства. Разнастайнай аказалася тэматыка адной з іх, у якой прапанавалі працаваць мне: "Культурна-асветніцкія ўстановы і ўстановы адукацыі ў сістэме сучаснага краязнаўства". Цікавасць выклікалі паведамленні пра невядомыя выданні акадэмічнага Славянскага фонду, земляках у некропалі Першай сусветнай вайны, удзельніках даўніх мастацкіх выстаў і мастаках, экскурсіі ў бібліятэках і музеях, іх экспазіцыях. Уважліва аўдыторыя слухала выступленне пра рэлігійныя выданні музея кнігі і друку СШ №3.
Усяго на канферэнцыі прагучаў 61 даклад.

Фота для ілюстрацыі.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.