Галоўная > Моладзь / Адукацыя і выхаванне > Язненскія школьнікі - гонар для раёна!

Язненскія школьнікі - гонар для раёна!


29-04-2021, 14:52. размясціў: gazeta

 Не ўрокамі адзінымі жыве школа. Навукова-даследчыя работы, творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, святочныя мерапрыемствы – усё гэта змяшчаецца ў раскладзе. Ёсць у чым праявіць сябе вучням. Язненскія школьнікі не прапускаюць магчымасцей для самаразвіцця.

 

Дзявяты клас Завуццеўскай школы Аксана Рыжык (на фота злева) скончыла з адной «8»-кай – па фізіцы, астатнія «9»-кі і «10»-кі. Перайшла ў 10 клас Язненскай школы і тут працягвае атрымліваць высокія адзнакі на ўроках, вывучае на павышаным узроўні беларускую мову і біялогію, удзельнічае ў алімпіядах і навукова-практычных даследаваннях. На раённым этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры атрымала дыплом І ступені, выступала ў вобласці.

 
– Там вынік куды больш сціплы: 17-е месца з 25-ці. Але для мяне гэта добры вопыт, у абласным этапе ўдзельнічала ўпершыню, – гаворыць старшакласніца.
Любімыя прадметы Аксаны – англійская мова, руская літаратура, біялогія. Разам з тым адказна і старанна рыхтуецца да кожнага ўрока. Інфармацыі з падручнікаў дапытлівай вучаніцы недастаткова, шукае матэрыял у дадатковай літаратуры, на сайтах у інтэрнэце. Па словах школьніцы, на падрыхтоўку да ўрокаў аддае тры – чатыры гадзіны і гэтага часу не шкада, бо вучыцца ёй цікава.

 
Жыве Аксана ў невялікай вёсачцы Румполле, што ў Завуццеўскім сельсавеце. Школьны аўтобус забірае ў 7.20, а дадому прыводзіць бліжэй да 16.00. Часу застаецца не так і шмат, але ўмее размеркаваць яго так, каб хапіла і на вучобу, і на сустрэчы з сябрамі, і на захапленні.
– Кнігі чытаю, асабліва фантастыка падабаецца. Збіраю ўласную бібліятэку. Звычайна да святаў прашу ў падарунак кнігі, – расказвае субяседніца. – Люблю вышываць, малюю карціны па нумарах, займаюся алмазнай вышыўкай. Бывае, дапазна за цікавай справай затрымліваюся.

 
Яшчэ вучаніцай Завуццеўскай школы Аксана ўдзельнічала ў раённых спартыўных спаборніцтвах. Былі поспехі ў кросах, на лыжні. Цяпер акцэнт змясціўся на вучобу і навуковую дзейнасць. Разам з аднакласніцай Таццянай Лось (на фота справа) пад кіраўніцтвам настаўнікаў Святланы Сімановіч і Наталлі Жойдзік пісала работу «Расліны Чырвонай кнігі водна-балотнага заказніка рэспубліканскага значэння «Жада». Паспяхова прадставілі яе на навукова-практычнай канферэнцыі «Эврика», прынялі ўдзел у 25-м рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару.

 
– Падчас падрыхтоўкі мы некалькі разоў хадзілі на балота. Вывучалі расліны, якія там растуць, прыбіралі смецце, – расказвае вучаніца. – Асабліва запомнілася экскурсія з супрацоўнікам Цэнтральнага батанічнага сада Акадэміі навук.
Аксане падабаецца пазнаваць новае, пашыраць кругагляд. Да таго ж веды па біялогіі спатрэбяцца ў будучай прафесіі. Дакладна з ёй школьніца яшчэ не вызначылася, аднак два асноўныя арыенціры – медыцына або экалогія.

 

 Вучні сёмага класа Даніла Лаўрыновіч і Ксенія Осіпава спяваюць з пачатковых класаў. Без іх не абыходзяцца школьныя святы, мерапрыемствы ў мясцовым Доме культуры, раённыя конкурсы, адкуль нярэдка вяртаюцца з перамогай. Да прыкладу, у гэтым навучальным годзе вакальная група, у складзе якой выступаюць аднакласнікі, заняла другое месца на раённым этапе конкурсу «Здравствуй, мир!» Выступленне дасылалі ў запісе, паколькі пандэмія каронавіруса перавяла творчае спаборніцтва ў анлайн-фармат.

 
– Перад выхадам на сцэну кожны раз хвалюемся, але выступаць падабаецца, – гаворыць Ксенія. – Цікава ў конкурсах удзельнічаць, глядзець нумары сваіх канкурэнтаў.
– Вельмі радуемся, калі перамагаем, – дадае Даніла.

 
Музыка суправаджае падлеткаў на рэпетыцыях і падчас выступленняў, гучыць фонам, калі дапамагаюць дома з хатнімі клопатамі і вучаць урокі. Кажуць, рыхтаваць дамашнія заданні яна не перашкаджае. Стараюцца Даніла і Ксенія ў вучобе.
– Сярэдні бал за другую чвэрць – 7, – расказвае Даніла. – У мяне ўсё добра з мовамі, а вось з матэматыкай і фізікай не вельмі.
– Мне таксама з матэматыкай складана, а мовы лёгка даюцца, – заўважае Ксенія. – За чвэрць сярэдні бал – 8,1.

 
Ёсць захапленні ў дзяцей акрамя музыкі. Даніла ў вольны час займаецца спортам. Выконвае практыкаванні з гантэлямі, падцягваецца на турніку, цёплай парой бегае адзін – два кіламетры. Ксенія любіць маляваць, аддае перавагу пейзажам. Развівае гэтыя навыкі ў мясцовым філіяле дзіцячай школы мастацтваў. Таксама з цікавасцю бавіць час за кнігай, найбольш падабаюцца дэтэктывы. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.


Вярнуцца назад