Галоўная > Моладзь > На школу маладзёжнай дыпламатыі з Міёраў у Мінск

На школу маладзёжнай дыпламатыі з Міёраў у Мінск


15-04-2019, 13:13. размясціў: gazeta

 У Мінску з 26 па 31 сакавіка праходзіла Міжнародная школа маладзёжнай дыпламатыі “Дороги мира — дороги добра!” Праект рэалізаваны па ініцыятыве Адукацыйна-культурнага цэнтра рускай славеснасці “Просвещение — без границ” пад патранажам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага педагагічнага клуба пры падтрымцы фонду “Русский мир”. У рабоце школы ўдзельнічалі навучэнцы і студэнты з навучальных устаноў Беларусі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Славакіі, Узбекістана, Расіі і Украіны. У іх ліку — дзевяцікласнікі сярэдняй школы №3 імя Я. Томкі Арцём МАСКАЛЕНКА і Дзмітрый ЛАЗОЎСКІ. 

У апошнія гады Беларусь упэўнена заяўляе пра сябе на сусветнай палітычнай арэне, выступаючы з міратворчымі ініцыятывамі, становячыся пасрэднікам у вырашэнні глабальных праблем. Яна паказвае сусветнай супольнасці, што беларусы — надзейныя сябры, партнёры, саюзнікі ў добрых справах і пачынаннях. Невыпадкова Міжнародная школа маладзёжнай дыпламатыі адчыніла дзверы менавіта ў нашай краіне.

Фестываль нацыянальных культур “Дзеля міру на Зямлі!”, майстар-класы па стварэнні праектаў у сферы міжнародных адносін і маладзёжнай дыпламатыі, лекцыі, практыкумы, разнастайная экскурсійная і культурная праграма — далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі для дзяцей арганізатары.


Разам вучыліся ажыццяўляць сацыяльна значную грамадскую, дыпламатычную і міратворчую дзейнасць. Падвяла вынікі змены прэзентацыя распрацаваных удзельнікамі праектаў у сферы міжнародных адносін і маладзёжнай дыпламатыі.


Хлопцы прызналіся, што запамінальнай падзеяй стала экскурсія ў Белтэлерадыёкампанію. Самая таямнічая сфера нашага жыцця — тэлебачанне, прыадчыніла сакрэтныя заслоны і азнаёміла са сваёй дзейнасцю. Дзеці даведаліся, як яно развівалася ў Беларусі, пабылі ў розных студыях. Незабыўнай стала сустрэча са спартыўным каментатарам Дзмітрыем Герчыкавым, які працуе на канале “Беларусь-5”.
Дадому вярнуліся з яркімі ўражаннямі. Добрыя ўспаміны, новыя сябры з розных куточкаў свету, радасць ад зносін — самыя каштоўныя падарункі ад Мала- дзёжнай школы дыпламатыі.


Хочацца верыць, што атрыманыя веды спатрэбяцца Арцёму і Дзіму ў жыцці, магчыма, пры выбары будучай прафесіі. А аптымізму і запалу, якімі зарадзіліся на праекце, хопіць на цікавыя і карысныя справы, каб і далей падтрымліваць аўтарытэт і прэстыж роднай школы.

Ларыса ЛАПКОЎСКАЯ,

настаўнік рускай мовы
і літаратуры.


Вярнуцца назад