Галоўная > Моладзь > Лагер у Новапагосцкай школе

Лагер у Новапагосцкай школе


15-08-2017, 14:48. размясціў: gazeta

 Сёлета ў лагеры "Праменьчыкі" пры Новапагосцкай школе адпачывалі 30 вучняў. Яны згуртаваліся ў атрады "Смяшарыкі" і "Сузор'е". Праведзена шмат акцый і мерапрыемстваў. Кіравала лагерам педагог Наталля Маркевіч.

Камандзіры атрадаў Мікіта Мышкоўскі і Анастасія Хмельнік сачылі за тым, як іх "падначаленыя" выконваюць даручэнні, падтрымліваюць парадак. Адказны за савет камандзіраў Ілья Страха дзеліцца ўражаннямі: "Я не заўважыў, як хутка праляцеў час. Усё прайшло супер. Стараўся быць справядлівым. У парушальнікаў дысцыпліны адмінусоўвалі па жэтончыку-сонейку".


Дзеці ўдзельнічалі ў традыцыйных акцыях "Уборка ля абеліска", "Чысты двор", сустрэліся з інспектарам аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыем Плотнікавым, са старшым участковым інспектарам па справах непаўналетніх Святланай Хаданёнак. Хадзілі на экскурсіі ў амбулаторыю, бібліятэку, аддзел па надзвычайных сітуацыях, сельскі клуб, выратавальную станцыю і гісторыка-этнаграфічны музей. Прафарыентацыйная сустрэча адбылася ў міні-дэндрапарку новапагосцкага лясніцтва.


На школьным аўтобусе з вадзіцелем Эдуардам Юршэвічам вучні і выхавальнікі праехалі па маршруце Новы Пагост-Міёры-Ідолта-Мілашова-Вята. Экскурсаводам была гісторык Наталля Самсановіч. Што дзецям асабліва запомнілася? Касцёл Маці Божай Шкаплернай у вёсцы Ідолта — адзіны храм у стылі мадэрн у Беларусі. Сядзіба Мілашаў, якая паходзіць з ХІХ ст. Галоўны яе дом і фамільная капліца-пахавальня выдатна захаваліся да цяперашняга. Мы прайшліся па драўляным мілашоўскім мосце, які вядзе да адной з найстарэйшых школ раёна. У 2013 годзе Мілашоўскай ДС-БШ споўнілася 140 гадоў. Тут выхаванцы лагера пазнаёміліся з дашкалятамі і пагушкаліся з імі на арэлях.


Што такое рай для дапытлівага турыста? Гэта вадаспад на рацэ Вята, непадалёк ад вёскі Пруднікі. У XIX ст. тут стаяў вадзяны млын. А ў сярэдзіне XX ст. вадаспад "сілкаваў" мясцовую электрастанцыю, ад якой засталіся толькі руіны.


Сумаваць не прыйшлося і ў апошні дзень змены. У многім тут заслуга саміх выхаванцаў, якія да выніковай праграмы падрыхтавалі пародыі на эстраду, фокусы, вершы, танцы, гумарыстычную насценгазету "Фотаўсмешка ці не заўважылі камеры". Камандзіры атрадаў узнагароджаны граматамі, астатнія — сувенірамі. Кожны знайшоў тут справу па душы, праявіў сябе. Да новых сустрэч, нашы верныя сябры!


Таццяна ЯНУШОНАК, намеснік дырэктара лагера.

Фота аўтара.


Вярнуцца назад