Райкам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, шаркаўшчынска-міёрская арганізацыйная структура ДТСААФ аб'яўляюць раённы конкурс "Аўталэдзі-2017".
Мэта спаборніцтва — захапіць моладзь здаровым ладам жыцця, папулярызаваць аматарскі жаночы аўтаспорт і павысіць яго ўзровень, прапагандаваць бяспеку дарожнага руху.
У конкурсе прымаюць удзел дзяўчаты, якія маюць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В, пажадана — на асабістым аўтамабілі. Аўто можа быць любой маркі, абавязкова — з механічнай каробкай перадач, своечасова пройдзеным тэхнічным аглядам. Да конкурсу дапускаюцца ўдзельнікі без дарожна-транспартных здарэнняў, адміністрацыйных і іншых спагнанняў на працягу года.
Спаборніцтва пройдзе ў некалькі этапаў. Спачатку аўтавіктарына. У практычным туры дзяўчаты зберуць макет уяўнага аўтамабіля, на адкрытай пляцоўцы прэзентуюць сваё аўто ў любым творчым жанры, выканаюць элементы ваджэння, заменяць кола, пераапрануцца ў вячэрнюю сукенку прама ў машыне, прыдумаюць і абароняць новы дарожны знак. Пераможцы і прызёры атрымаюць каштоўныя падарункі.
Заяўкі на ўдзел накіроўваюцца да 26 чэрвеня ў Міёрскі райкам БРСМ. Больш падрабязная інфармацыя па тэлефоне 8 (02152) 4 98 70; электронны адрас: miorybrsm@yandex.ru.
Вікторыя ПЯТКЕВІЧ,
першы сакратар райкама БРСМ.
Фота для ілюстрацыі.
Вярнуцца назад
|