На першым этапе праявілі сябе вучні са Слабады і гарадской базавай школ. З інспектарам Дзмітрыем Плотнікавым пасільна дапамаглі састарэлым па гаспадарчых справах. Прынеслі дроў, прыбралі ў доме і ля яго, вытраслі дываны, пашчапалі дровы. Узамен атрымалі шчырую ўдзячнасць. На памяць пра дабрачыннасць на ўваходныя дзверы прылеплены лагатып акцыі.
У праграме другога этапа Дзмітрый Плотнікаў ва ўстановах адукацыі расказаў пра грамадскую арганізацыю юных выратавальнікаў-пажарных. Наглядным прыкладам стаў фільм "Моладзевы рух". Акрамя таго, інспектар пазнаёміў дзяцей з ма-більным дадаткам "Дапамога побач" і заклікаў скарыстацца ім у якасці памочніка ў надзвычайных сітуацыях.
Суботнім днём у раённым Доме культуры са школьнікамі райцэнтра ўрачыста праведзены трэці этап рэспубліканскай акцыі з нагоды 15-годдзя моладзевай арганізацыі выратавальнікаў і пажарных. Яна налічвае больш за 200 000 дзяцей па нашай краіне. Старшынствуе міністр па надзвычайных сітуацыях. На эмблеме—рыцар. А дэвіз структуры просты і разам з тым геніяльны: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Інспектар Плотнікаў правёў віктарыну па дзейнасці арганізацыі і асновах бяспекі жыццядзейнасці. Што рабіць, калі з тэлевізара пайшоў дым? Як рэагаваць, калі пахне газам? Усё лагічна: выключыць гэтыя прыборы і праветрыць памяшканне.
Вучні з задавальненнем пагарталі часопіс "Юны выратавальнік". З энтузіязмам глядзелі фільм з нацыянальнага аздараўленчага цэнтра "Зубраня" пра адпачынак і тэматычныя спаборніцтвы змены юных выратавальнікаў-пажарных з розных абласцей краіны.
Пасля зноў удзельнічалі ў віктарыне. Чым накрыць рану? Якія сімптомы пры сатрасенні мозга? Што рабіць пры атручванні чадным газам? Забяспечыць свежае паветра. Гэтыя і многія іншыя законы жыцця вынеслі з мерапрыемства юныя выратавальнікі. За правільныя адказы--салодкія прэзенты.
І нарэшце--кульмінацыя. Старшакласнікі СШ №3 райцэнтра атрымалі пасведчанні сяброў рэспубліканскай арганізацыі выратавальнікаў і пажарных. І шакалад, які абавязкова ўздыме настрой на новыя дабрачынныя справы.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота аўтара.