"Я могу" — за кадром

"Я могу" — за кадром Для тых, хто сочыць за публікацыямі ў раённай газеце, не стане навіной, што наша зямлячка, вучаніца СШ №3 Юлія Кураш стала ўдзельніцай народнага шоу "Я могу". Дасканала авалодаўшы майстэрствам хуткагаварэння, дзяўчына лёгка прайшла абласны кастынг, пасля чаго была выбрана з шэрагу талентаў для барацьбы ў тэлеэфіры канала "Беларусь 1".   5 лютага ў Мінску прайшлі здымкі аднаго з паўфіналаў, удзел у якім прыняла і Юля.  

 

—Раскажы, калі ласка, як праходзіла падрыхтоўка.
—Рэпетыцыі пачаліся з раніцы і спачатку былі чарнавымі: мы проста, як кажуць, "праганялі" свае нумары, у той час як рэжысёры-пастаноўшчыкі выпраўлялі асобныя элементы. Так, некаторым давялося перапрацоўваць усё калі не нанова, то амаль напалову. Мне ў гэтым плане пашчасціла — маю задумку ацанілі і нічога мяняць не давялося. Толькі вечарам пачалася рэпетыцыя ў касцюмах, затым грым і непасрэдна само выступленне перад тэлекамерамі.


—Як ты рыхтавала нумар?
—Калі даведалася, што праходжу ў паўфінал, адразу пачала думаць над тым, як зрабіць свой выхад цікавым. Ведала дакладна: проста выйсці і расказаць скорагаворку, няхай і ўласнага сачынення, нельга. Ну, а паколькі я сама сабе рэжысёр, то паступова ў думках пабудаваўся і асноўны сюжэт. З касцюмам мне дапамагла Наталля Генадзьеўна Варонька, а да саміх здымак я далучыла добра вядомага ўсім па конкурсе "Містэр Беларусь-2014" Сяргея Чарвінскага і яго сябра Аркадзя Рудзёнка. Вельмі ўдзячна ім за дапамогу. Астатніх сакрэтаў пакуль раскрываць не буду — усё пакажуць у эфіры.


—Ці брала ты з сабой групу падтрымкі?
—Канечне, у так званым "пакоі эмоцый" за мяне хваляваліся тата Юрый Аляксандравіч і малодшая сястра Ганна, дома не менш моцна за мяне перажывала маці Жанна Антонаўна. Ужо пасля здымак родныя прызналіся, што вельмі за мяне перажывалі. Прызнацца шчыра, мне таксама было неспакойна, паколькі на гаварэнні было заснавана ўсё маё выступленне, нельга было запнуцца ці збіцца.


—Калі мы ўбачым цябе ў эфіры?
—Канцэрт пакажуць у суботу 14 сакавіка ў 19.15 на тэлеканале "Беларусь 1". Напярэдадні моманты са здымак паўфіналу можна будзе ўбачыць у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!", а таксама ў дзённіках перадачы "Я могу".


—Як ты ацэньваеш свае шанцы прайсці ў фінал?
—Лепшыя з лепшых будуць выбірацца па выніках галасавання, таксама журы мае права выбраць аднаго чалавека. Лічу, што мае магчымасці даволі высокія, аднак наперад загадваць не буду.
—Дзякуй за размову, Юля. Удачы табе! 


Гутарыла Арына БАРКОЎСКАЯ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.