Як даўней называўся падарунак, што прыносіў хлопец бацькам дзяўчыны, з якой хацеў ажаніцца, і які ў выпадку адмовы вярталі жаніху; якое кітайскае вынаходніцтва ў сярэдзіне 18 стагоддзя стала сур'ёзным канкурэнтам лонданскіх фурманаў; што меў на ўвазе Леанарда да Вінчы, гаворачы, што людзі будуць выкідваць уласную ежу — адказы на гэтыя і іншыя зусім не простыя пытанні шукалі ўдзельнікі раённага турніру "Эрудыт-2015", што праходзіў 17 студзеня.
Памерацца інтэлектуальнымі сіламі сабраліся 10 каманд са школ раёна: "Креатив.by" (СШ №3), "Галелео" (СШ №2), "Дрим-тим" (Міёрская БШ), "Умняшки" (Дзісенская СШ), "Лэвис" (Язненская), "Максимум" (Новапагосцкая ДС-СШ), "Убойная сила" (Чапукоўская), "Логос" (Дварнасельская), "Позитив" (Туркоўская), "Эврика" (Павяцкая).
Спаборніцтва праходзіла ў два туры, у абодвух — па 12 пытанняў. Давалася хвіліна, каб знайсці адказ на адно пытанне, запісаць яго на картцы і перадаць журы. Толькі пасля таго як карткі аказваліся ў суддзяў, называўся правільны варыянт. І кожны раз гучалі радасныя воклічы і апладысменты тых, хто адказаў правільна, і эмацыянальныя шкадаванні тых, хто быў блізка да ісціны.
Улік правільных адказаў і каманд-лідараў вяло журы ў складзе дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціны Анкудзімаўны Мітрафанавай, метадыста ўстановы Вольгі Ясінскай і педагога-арганізатара Сняжаны Колбун. Інтэлектуальныя задачкі камандам задавала загадчыца аддзела ЦДМ Алена Сушко.
У першым туры лепш за іншых праявіла сябе каманда "Максимум" з Новапагосцкай ДС-СШ, аднак у другой частцы спаборніцтва саступіла лідарскія пазіцыі і ў выніку заняла трэцяе месца. На другім — "Умняшки" з Дзісны. Інтэлектуальнае золата заваявала каманда СШ №3 "Креатив.by", а разам з першым месцам — пуцёўку на абласны этап спаборніцтва, якое пройдзе заўтра, 25 студзеня, у Віцебску. Трымаем кулачкі за нашых разумнікаў і разумніц!
Дарэчы, падарунак жаніха ў старыя часы называлі нос (адкуль і пайшоў выраз "застаццца з носам"), кліентаў у лонданскіх фурманаў адбіваў парасон, а Леанарда да Вінчы гаварыў пра працэс сяўбы. Згадзіцеся, каб адказаць пра-вільна, патрэбны не толькі шырокія веды, але і добры запас логікі і кемлівасці.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.