Працяглыя пары і кароткія перапынкі, строгія выкладчыкі і шумныя аднагрупнікі, недахоп сну і празмернасць уражанняў, жаданае "залічана" і запаветнае "вам — "аўтаматам" — вось яны, складнікі авеянага рамантыкай студэнцкага жыцця. Для выпускніцы Сіцькоўскай сярэдняй школы Вольгі Балаш усё вышэйпералічанае стала рэальнасцю з верасня мінулага года. Дзяўчына паступіла ў Полацкі дзяржуніверсітэт на факультэт інфармацыйных тэхналогій, прычым, на бюджэтную форму навучання.
— Здаецца, толькі скончыўся выпускны баль, а ты ўжо быццам у іншы свет трапіла, — расказвае былая школьніца пра першыя студэнцкія ўражанні. — Напачатку складана было прывыкнуць да новых умоў жыцця і вучобы. Дадому хацелася, па школе сумавала. Думала, што першую сесію здаць не змагу.
Толькі перажыванні тыя аказаліся дарэмнымі. Усе чатыры экзамены здадзены паспяхова. Па прадметах "вышэйшая матэматыка" і "дыскрэтная матэматыка" па "8" балаў атрымала "аўтаматам", таксама на "8"-ку здала праграмаванне, на бал ніжэй справілася з філасофіяй і псіхалогіяй.
Цікава, што з выбарам спецыяльнасці Вольга вызначылася за некалькі месяцаў да выпускных экзаменаў. Раней былі думкі пра сферу культуры. Дзяўчына валодае добрымі акцёрскімі дадзенымі, талентам арганізатара і вядучага мерапрыемстваў, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У іншае прафесійнае рэчышча вучаніцу са схільнасцямі да дакладных дысцыплін скіравала настаўніца фізікі.
— Я вельмі ўдзячна Ліі Іосіфаўне Панкрат за падказку і дапамогу, — гаворыць Оля. — Яна шмат займалася са мной і за кароткі час падрыхтавала да тэсціравання, падтрымлівала. Увогуле ўсім настаўнікам Сіцькоўскай школы хочацца сказаць шчырае "Дзякуй!" Мая будучая прафесія — цікавая, запатрабаваная і перспектыўная. Што да мастацкай самадзейнасці, то на гэта заўсёды можна знайсці час і магчымасці.
Вольга марыла вучыцца ў абласным цэнтры, таму адправілася ў Віцебскі тэхналагічны інстытут. Але на бюджэтную форму па конкурсе не прайшла і ў апошні дзень прыёму падала дакументы ў ПДУ. Цяпер не шкадуе, што так атрымалася. Ад Полацка недалёка да роднага аграгарадка Мікалаёва, таму кожныя выхадные прыязджае дадому. У Наваполацку са сваёй сям'ёй жыве старэйшы брат Дзяніс, і ў больш-менш вольны ад вучобы час Оля наведваецца панянчыць любімую пляменніцу Дарынку, якой ідзе чацвёрты год. У інтэрнаце суседка па пакоі—аднакласніца Каця, толькі вучацца ў розных групах.
— У маёй групе 30 хлопцаў і толькі 5 дзяўчат, — расказвае студэнтка. — Адносіны паміж намі сяброўскія, усё ў парадку з падтрымкай і ўзаемадапамогай. Вучыцца, вядома, складана, але цікава. Універсітэт—поўная супрацьлегласць школе. Вучням настаўнікі стараюцца як мага прасцей і падрабязней растлумачыць матэрыял, каб усё было зразумела. У выкладчыкаў падыход іншы. Іх задача — даць асновы ведаў, а далей — самаадукацыя. Тут патрэбныя самастойнасць, уменне пера-адольваць складанасці і не скардзіцца на свае праблемы. Студэнт сам за сябе ў адказе.
Праз чатыры гады ў Вольгі будзе дыплом інжынера-праграміста, а пакуль што яна адпачывае дома на канікулах, і, маючы багаты вопыт у справе кулінарнай, радуе тату і маму духмянай выпечкай і апетытнымі стравамі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.