Создавать чудеса просто

Создавать чудеса просто У пераднавагоднія дні кожны чакае нечага незвычайнага. Людзі вераць, што гэты час прынясе ў іх жыццё новыя запамінальныя падзеі, прыемныя падарункі і шчаслівыя сустрэчы. Добра, што ёсць тыя, хто імкнецца гэта ажыццявіць. У чарговы раз у рамках акцыі "Цуды на Каляды" ўдзельнікі валанцёрскага руху "Добрае сэрца" Міёрскага РК ГА "БРСМ" сумесна з Міёрскай РА "БРПА" завіталі на Дзісеншчыну, каб павіншаваць з надыхо-дзячымі святамі тых, каму не стае чалавечай цеплыні і ўвагі. 

 

Да сустрэчы арганізатары пачалі рыхтавацца яшчэ ў лістападзе — менавіта тады пад эгідай акцыі для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Дзісне збіраліся канцылярскія тавары і рэчы, з якіх пазней і фарміраваліся падарункі. Асобна рыхтавалі забаўляльную праграму.


Актыўны ўдзел у правядзенні прынялі валанцёры пярвічнай арганізацыі СШ №2 — Паліна Казачонак, Юлія Бунта, Арнольд Варонька, Максім Шокель, Анастасія Пазняк і Вераніка Закрэўская, а таксама аўтаклуб ЦКС на чале з Максімам Антанёнкам, да якога далучыліся Дар'я Шук, Святлана Атопкіна і Іосіф Вільчынскі.


Першым пунктам у навагоднім маршруце віншаванняў стала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Для пенсіянераў арганізавалі міні-канцэрт, напрыканцы якога Дзед Мароз і Снягурка ўручылі пажылым людзям салодкія падарункі. Выступленні юных артыстаў сталая публіка прыняла на "ўра".


Паколькі на час навагодніх святаў дзеткі з сацыяльнага прытулку раз'ехаліся, падрыхтаваныя для іх падарункі прыняла дырэктар установы Л. У. Калачова, якая па-дзякавала прадстаўнікам саюза моладзі за праведзеную імі работу і ўвагу да юнага пакалення. У гэтым годзе да маладзёжных віншаванняў далучыўся і раённы следчы камітэт, які таксама перадаў навагоднія сюрпрызы праз намесніка начальніка У. А. Матэленка.


Заключным этапам стала дыскатэчна-забаўляльная праграма, якую госці з Міёр наладзілі ў Дзісенскім Цэнтры дзяцей і моладзі. Гурткоўцы, што завіталі на мерапрыемства, з задавальненнем сталі сведкамі невялікага тэатралізаванага прадстаўлення, вадзілі карагоды з Дзедам Марозам і Снягуркай, ад душы танчылі пад сучасныя рытмы і актыўнічалі ў гульнях.


Што і казаць, свята створанае агульнымі намаганнямі, удалося.
РК ГА "БРСМ" дзякуе аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за прадастаўлены транспарт, загадчыцы філіяла "Дзісенскі Цэнтр дзяцей і моладзі" В. А. Смаршчок— за дапамогу ў арганізацыі.


Марына КАШКУР, першы сакратар РК ГА «БРСМ». 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.