Могу! Умею! Покажу!

Могу! Умею! Покажу! З канца верасня ў Беларусі стартавалі перадкастынгі народнага шоу "Я могу!". "Калі Вы лічыце сябе ўнікальнай асобай, чый талент можа зацямніць любога, калі Вы марыце пра тое, каб пра Вас загаварыў увесь свет і па вартасці ацаніў Вашы магчымасці — адкіньце ўсе сумненні, забудзьцеся на няўпэўненасць і страх, дакажыце, што Вы лепшы за астатніх і абавязкова заявіце пра сябе…" — з гэтымі словамі арганізатары звярнуліся да патэнцыйных удзельнікаў праекта.

 

8-9 кастрычніка ў цэнтры культуры "Віцебск" прайшоў чарговы адборачны этап шоу. Менавіта туды адправілася наша таленавітая зямлячка Юлія Кураш, якая пазней падзялілася з карэспандэнтам сваімі ўражаннямі ад конкурсу.


— Я пільна сачу за ўсімі праектамі, якія з'яўляюцца на сайце "Белтэлерадыёкампаніі", таму калі даведалася пра новае народнае шоу "Я могу!", адразу вырашыла, што прыму ў ім удзел, тым больш мне было што паказаць, — расказвае дзяўчына. — Папярэдне я паглядзела як праходзяць кастынгі ў іншых абласцях, якія таленты прэзентуюць іх удзельнікі. Заўважыла, што большасць канкурсантаў спяваюць, таму падумала, што маю нядрэнныя шанцы здзівіць журы скорагаварэннем.


Хутка чытаць скорагаворкі Юля пачала тады, калі вырашыла, што ў будучым бачыць сябе ў аўдыёвізуальнай журналістыцы, куды без выдатнай дыкцыі не прабіцца. Пачынала з розных практыкаванняў, потым стала развучваць скорагаворкі. Аказалася, што справа гэтая не такая складаная, як можа здацца на першы погляд, бо самі тэксты лёгка запамінаюцца, галоўнае — навучыцца вымаўляць. Дасягнуўшы высокіх вынікаў у гэтым майстэрстве, Юля не спынілася на дасягнутым і спецыяльна для конкурсу "Міс журавінка Міёрскага краю" склала вялікую тэматычную скорагаворку.


Менавіта з ёй дзяўчына і выступіла ў Віцебску перад журы адборачнага тура "Я могу!". "Не скажу, што моцна хвалявалася, бо чытала перад публікай не ўпершыню, — дзеліцца ўражаннямі Юля. — Спачатку расказала скорагаворку, знойдзеную ў інтэрнэце. Аказалася, на адным з перадкастынгаў яна ўжо гучала, тады я вырашыла пакараць журы творам уласнага сачынення. Спадзяюся, што мне гэта ўдалося".


Адбор завершаны, і зараз арганізатары занятыя пераглядам усіх выступленняў, каб выбраць з мноства жадаючых 120 лепшых, якія ў далейшым паспаборнічаюць паміж сабой у тэлевізійнай версіі праекта. Юля з нецярпеннем чакае 20 лістапада — у гэты дзень будуць падведзены вынікі і стане вядома ці прайшла яна на новы этап.
Пажадаем удачы гэтай таленавітай дзяўчыне і будзем спадзявацца, што ў яе ўсё атрымаецца!


Арына БАРКОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.