У вядомым савецкім фільме "Вялікі перапынак" адзін з герояў увесь час скардзіўся знаёмым: "Вось так ходзіш, ходзіш у школу, а потым — бац! — і другая змена!" З вучнямі сельскіх навучальных устаноў справа склалася крыху інакш. Іх сітуацыю можна апісаць выразам: "…а потым — бац! — і калгас!" Аднак, як упэўнілася карэспандэнт, нашых працай не напужаеш — хутчэй яна іх баіцца.
На бульбяным полі ля вёскі Мілашова працавалі студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады, у склад якіх уваходзяць школьнікі ад 14-ці гадоў.
Мы выехалі на поле, дзе шчыравалі атрады "Максімум" Мілашоўскай базавай школы і "Факел" Павяцкай СШ. Знайсці юных працаўнікоў даволі складана. Участак вялікі — з якога боку пад'ехаць адразу і не зарыентуешся, таму асноўным апазнавальным знакам стаў ярка-жоўты школьны аўтобус, што стаяў наўскрайку. Час блізіўся да абеду, і адразу было бачна, што вайна бульбе аб'яўлена не на жарт, бо больш за палову велізарных градак пройдзена. Аднак глядзець на чужую працу здалёк мы не збіраліся, таму смела пайшлі знаёміцца з працавітымі школьнікамі. Разам з карэс пандэнтам "на разведку" ў поле адправілася і першы сакратар раённай арганізацыі "БРСМ" Марына Кашкур.
Шлях аказаўся нялёгкім — трэба прайсці больш за сотню метраў па ўзараным полі. Да такога экстрыму ні Марына Паўлаўна ў туфлях на абцасах, ні сама карэспандэнт у балетках, шчыра кажучы, не падрыхтаваліся. Ужо на першых метрах дыстанцыі абутак шчодра зачэрпаў пяску і пытанне аб выбары больш утрамбаванай сцяжынкі адпала само па сабе.
— Такія атрады — цудоўная дапамога сельскагаспадарчым арганізацыям пры ўборцы ўраджаю, і, канешне, нядрэнны заробак для дзяцей, — расказала першы сакратар. — На працу яны афармляюцца праз "БРСМ", і, дзякуючы гэтаму, іх даходы не абкладаюцца падаткам.
Насустрач нам ужо спяшалася Вольга Уладзіміраўна Анецька, якая курыруе працу школьнікаў на полі.
— Добры дзень! А вы пра дзетак пісаць прыехалі? Правільна. Яны ў нас тут падабраліся вельмі працавітыя, дружныя.
— Шмат яшчэ бульбы засталося сабраць? — пытаемся.
— Не, нашы актывісты капаюць хутка. Можа, нават сёння дакапаюць гэтае поле.
Вучні сапраўды працавалі зладжана: хлопцы прымалі на прыцэпе цяжкія вёдры, дзяўчаты збіралі бульбу. Толькі і чуваць з усіх бакоў гучныя галасы: "Адзначце маё вядро! І маё таксама!"
— Самі бачыце, ледзь паспяваю запісваць, — усміхаецца Валянціна Браніславаўна Цярэшка, настаўніца Мілашоўскай школы. — Глядзіце, якія актыўныя. І працуюць ахвотна — вока радуецца.
І сапраўды, румяныя ад восеньскага сонца, дзеці хутка рухаліся наперад кожны па сваёй градцы.
Пачынаем збіраць усіх, каб зрабіць групавы здымак. Дзяўчаты, што аказаліся бліжэй, ужо стаяць побач і хвілін пяць чакаюць, пакуль падыдуць астатнія.
— Мы б за гэты час ужо па дваццаць вёдзер кожная набралі б! — абурылася адна з працаўніц.
Думаю, гэтыя словы — лепшая характарыстыка вучняў. Каб не замінаць працы, хуценька робім фотаздымкі і збіраемся назад, пажадаўшы ім далейшага плёну.
На здымках: 1. Уладзімір Барысенка. Вучань 11 класа Павяцкай школы. Штодня збіраў больш за 100 дванаццацілітровых вёдзер бульбы. 2. Заўзятая праца на бульбяным полі.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.