У Мінску з 2 па 4 лістапада праходзіў міжнародны чэмпіянат па дэбат-гульнях "Мастацтва палемікі". Ігракі прыехалі з чатырох краін. Актыўнымі ўдзельнікамі падобных мерыпрыемстваў ужо з'яўляюцца вучні СШ №3 пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Іванаўны Будзько. На гэты раз пашчасціла туды трапіць дзевяцікласніцам Юліі Кураш і Вераніцы Шараг.
Як апавядае Наталля Іванаўна, тэма дэбатаў была дастаткова складанай: "Беларуска-кітайскія праекты нясуць больш шкоды ці карысці?", а ў кожнага ўдзельніка свая місія. Заключалася яна ў тым, каб карыстаючыся фактамі, абгрунтаванымі высновамі навукоўцаў і грамадскасці скласці сваё меркаванне і абараніць яго пры доказе. Цікава, што ў першай сустрэчы даказвалі шкоду, а ў другой — карысць праектаў.
Праводзілася мерапрыемства на базе гімназіі №7 г. Мінска, дзе размяшчаюцца каардынатары інтэлектуальных гульняў-дэбатаў у Беларусі. Усяго ўдзельнічала 180 чалавек або 60 каманд, а ацэньвала іх 15 суддзяў.
У пяці гульнях нашы дзяўчаты заваявалі дзве перамогі і пацярпелі тры паражэнні. Максімальная колькасць балаў — 30, Юлія набрала 22, а Вераніка 21. Як бачна, дзяўчаты мала адсталі ад прызёраў.
Са сталіцы пасля дэбатаў на Міёршчыну наведалася група з 18 чалавек з Якутыі. Дзеці з кіраўніком маюць такую традыцыю: калі прыязджаюць у Беларусь, то абавязкова вандруюць. Летам яны пабачылі фота нашых краявідаў, іх гэта прывабіла. Дырэктар турыстычнага агенцтва Наталля Іванаўна Будзько дапамагла вырашыць ім арганізацыйныя моманты.
Напачатку якуты наведаліся на фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пагулялі там у більярд і тэніс. Цікавыя і змястоўныя экскурсіі правёў для іх настаўнік гісторыі Вітольд Антонавіч Ермалёнак па музеях СШ №3. Хлопцы і дзяўчаты задавалі пытанні, атрымліваўся дыялог. Надвор'е крыху ў той дзень падводзіла — сыпаў дожджык, але выправіліся і ў вандроўку па "Срэбранаму кальцу Міёршчыны", а завяршылі падарожжа экскурсіяй па райцэнтры.
Вячэра гасцей чакала ў кафэ "Чайка". Стомленыя, але поўныя незабыўных уражанняў, яны шчыра дзякавалі Наталлі Іванаўне за цудоўную арганізацыю і з карысцю праведзены дзень.