Сустрэча клуба маладой сям’і — традыцыйнае мерапрыемства, якое штогод арганізуюць аддзелы загса і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя ГА “Чырвоны Крыж”. Прайшло яно ў чарговы раз ва ўтульнай зале тэрытарыяльнага цэнтра.
У ролі вядучых выступалі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Радзіхоўскі і адказная па рабоце з моладдзю ЦРБ, старшыня раённай арганізацыі “Чырвоны Крыж” Ганна Ліскова.
Прысутнічала і актыўна ўключалася ў гутарку начальнік аддзела загса Ірына Леанідаўна Гушча, чыя місія — у афіцыйнай абстаноўцы аб’ядноўваць сэрцы маладых людзей у невялікую, але значную ячэйку грамадства — сям’ю.
Цікава прайшло знаёмства, якое правяла псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Ала Федарэц. Напачатку кожны абазначыў сябе бэйджыкам, затым перакідваючы адзін аднаму мячык, называлі імя новага знаёмага і гаварылі камплімент.
Далей сяброўская сустрэча праходзіла за кубкам гарбаты. Вядучыя загадвалі жартоўныя загадкі, задавалі простыя і складаныя пытанні, на якія можна коратка адказаць “так” ці “не”, выконвалі тэсты. Маладыя сем’і спраўляліся з заданнямі добра, часам дадавалі якуюсьці сваю гісторыю.
Адкрытая і таварыская абстаноўка дазволіла меркаваць, што некаторыя сем’і пасля мерапрыемства будуць сябраваць паміж сабой, хоць раней не былі знаёмыя, а гэта падкрэслівала важнасць такіх сустрэч.
На заканчэнне Ала Федарэц правяла гульню, у ёй нагадала ўсім прысутным мужам і жонкам, што абавязковыя складнікі сям’і — клопат, любоў, шчасце, увага, дабрыня.