Творческий союз детей и педагогов Миорской ДШИ

 Міёрская дзіцячая школа мастацтваў стала найлепшай у вобласці па выніках работы за 2024 год. Ганаровую грамату і прэмію ў 100 базавых велічынь дырэктару Ігару Лаўцу на калегіі ўпраўлення культуры ў Лепелі ўручыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Чыя ў тым заслуга і чым установа дадатковай адукацыі прываблівае вучняў?

Галоўнае – запатрабаванасць

– Гэты поспех уключае ў сябе плённую дзейнасць па некалькіх напрамках. Па-першае, захаванне колькасці вучняў з году ў год, а іх цяпер 325. Па-другое, перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню – у нашай скарбонцы нямала ўзнагарод. Па-трэцяе, прафарыентацыйную работу. У гэтым навучальным годзе паступілі ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж трое выпускнікоў – Саманта Тусікава, Сафія Блажэвіч і Віялета Томка, яшчэ чацвёра – Карына Арсоба, Ксенія Даргель, Вікторыя Граковіч і Ксенія Зінькевіч – атрымліваюць прафесійную адукацыю па выяўленчым накірунку, – расказвае дырэктар Ігар Лавец.

Па яго словах, гэта заслуга ўсяго калектыву. Саюз вопытных ветэранаў працы і моладзі, якая літаральна фантануе ідэямі, дае значныя вынікі. Маладыя людзі не баяцца браць на сябе адказнасць. Кіруе народным ансамблем народнай музыкі і песні «Мёрыца» Дар’я Каралькова, вакальным ансамблем «Прятки» – Яўгенія Баговіч. Набірае свой музычны клас скрыпачка Ганна Пазняк. Шмат творчых перамог на рахунку маленькіх выхаванцаў харэографа Кацярыны Конышавай. Дарэчы, яна віцяблянка, а знайшла сваё пакліканне і асабістае шчасце на Міёршчыне. Раскрываецца не толькі як таленавіты педагог па музыцы, але і творча падыходзіць да любой даручанай справы Антоній Блажэвіч. Па яго ініцыятыве сёлета жанчын з 8 Сакавіка павіншавалі відэаролікам, які падрыхтавалі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Вялікі вопыт работы, свая методыка выкладання ў настаўніцы па класе гітары Таццяны Бялевіч. У страі колішнія дырэктары школы Зінаіда Пучкоўская, якая кіруе хорам, і Баляслаў Чарняўскі – педагог па выяўленчым мастацтве, а таксама выкладчыкі па класе домры і балалайкі Лідзія Алеська, скрыпкі – Ірына Кісляк і фартэпіяна – Галіна Шокель. У філіяле ў Дзісне таксама спрацаваны калектыў пад кіраўніцтвам Галіны Мядзелец, якая вучыць іграць на баяне.

– Галоўнае – не перашкаджаць людзям, каб яны праяўлялі сябе ў творчасці. А па магчымасці яшчэ і дапамагаць, – жартуе дырэктар і дадае ўжо сур’ёзна: – Сваю справу трэба любіць, гарэць ёй, тады і будзе поспех.

 Поспех абавязкова прыйдзе

Самыя значныя дасягненні за 2024 год называе намеснік дырэктара Жанна Каськевіч. У іх ліку дыпломы трэцяй і другой ступеняў абласнога конкурсу інструментальных ансамбляў «Залатыя ноты». Лаўрэатамі ў намінацыях «Фартэпіянны ансамбль» сталі Ганна Курчэўская і Дана Падзява (кіраўнік Жанна Каськевіч), «Ансамбль інструментаў народнага аркестра (балалайка, домра, цымбалы)» – Мікіта Тарноўскі і Ілья Зуеў (кіраўнік Лідзія Алеська), што гралі на балалайках, а Дар’я Дзярачыц і Кацярына Кыцева (Алена Стома) – на цымбалах. Калектыў «Серпантын» пад кіраўніцтвам Кацярыны Конышавай заняў другое месца ў X Міжнародным конкурсе харэаграфічнага майстэрства «Сузор’е Тэрпсіхоры», «Зорачкі» і Аляксандра Катышава – трэцяе. Юная скрыпачка Варвара Мацур (кіраўнік Ірына Кісляк) атрымала дыплом другой ступені ў адкрытым абласным фестывалі-конкурсе на струнна-смычковых інструментах «Гучы, Беларусь!» Хор заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе вакальна-харавых калектываў «Сузор’е галасоў» (кіраўнік Зінаіда Пучкоўская, канцэртмайстар Жанна Каськевіч). Другім на абласным конкурсе аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам» стаў узорны аркестр баянаў і акардэонаў (Ігар Лавец). Дыпломам другой ступені конкурсу «Віват, канцэртмайстар!» адзначана Варвара Чарняўская (кіраўнік Жанна Каськевіч).

Пакуль гутарым з педагогам Жаннай Валер’еўнай, пальчыкі першакласніцы Альбіны так і просяцца прабегчыся па клавішах фартэпіяна. Ці ж гэта не поспех, калі іграць хочацца заўсёды, нават калі просяць крышачку пачакаць?!

Таленавітыя ва ўсім

Па школе з усіх бакоў разліваюцца розныя гукі і сплятаюцца ў адну яркую мелодыю. Дзесьці іграюць на баяне, фартэпіяна, спяваюць. Цікавімся: няўжо не перашкаджаюць адно аднаму?

– У нас пануе творчая атмасфера. Мы настолькі захоплены сваёй справай, што нават не звяртаем  увагі на староннія гукі. З часам прывыкаеш да абстаноўкі, якая акружае, – запэўнівае Жанна Каськевіч.

Намеснік дырэктара заўважае, што пэўны працэнт дзяцей сумяшчае вучобу ў дзіцячай школе мастацтваў і спартшколе. Даводзіцца падстройвацца пад іх графік. Кожны, хто жадае праявіць свае здольнасці, павінен мець такую магчымасць. У спорце развіваюць вынослівасць, а заняткі творчасцю выпрацоўваюць уседлівасць і дысцыпліну. Сумяшчаючы, дзіця вучыцца планаваць свой дзень, пашырае кола сяброў з падобнымі інтарэсамі, атрымлівае і разумовае развіццё.

Аднак для таго, каб вырасціць прафесіянала, павінна скласціся трыяда педагог – вучань – бацькі.

 У пастаянным пошуку

Разам з тым проста запрасіць дзяцей у школу мастацтваў недастаткова. З году ў год педагогі шукаюць новыя формы работы, каб зацікавіць сваіх выхаванцаў і пашырыць іх рады. Пачынаюць працаваць з дашкольнікамі, якія актыўна адгукаюцца на заклік да творчасці, знаходзяць таленавітых дзяцей і сярод вучняў.

– Прафарыентацыйная работа і прэстыж прафесіі маюць на ўвазе цэлы комплекс дзеянняў. Напрыклад, у мяне акрамя ігры на інструменце практыкуем ансамблевае музыцыраванне, спяваем песні, – дзеліцца Жанна Каськевіч. – Добра працуе ў гэтым напрамку выяўленчае аддзяленне. Яно аб’ядноўвае каля 90 чалавек. Запрашаючы дзяцей на экскурсію, не проста расказваюць пра сваю дзейнасць, а уцягваюць іх у творчы працэс – маляваць, плесці з саломкі. Выклікае захапленне ў малых традыцыя прысвячэння ў мастакі. Спадзяюся, у наступным падобныя ўвядзём і ў іншых аддзяленнях.

Каб не страціць імпэту, важна бачыць вынік работы. Як для дзяцей, так і іх бацькоў. Найлепшыя выканаўцы і нумары прадстаўляюць на канцэрце школы мастацтваў у канцы навучальнага года.

У планах кіраўніцтва – адчыніць харавое аддзяленне, дапоўніць пералік інструментаў.

Стымул для новых перамог

Тытул найлепшай дзіцячай школы мастацтваў вобласці – стымул да новых перамог. Па словах кіраўніцтва, гэтую высокую планку неабходна падтрымліваць. Задум шмат, і ўсе неабходна ўвасобіць у жыццё. Прэмію выкарысталі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы – набылі лічбавае фартэпіяна, якое паспрыяе скарэнню новых творчых вяршыняў. Абновіцца і абстаноўка – як знешні выгляд, так і ўнутры. Бягучы рамонт чакае будынак напярэдадні абласнога фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі – 2026».

У такіх умовах будзе яшчэ больш прыемна і плённа працаваць.

– Ганаруся сваім калектывам. Усе яны – на сваіх месцах, – кажа дырэктар.

Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і прадастаўлены ДШМ.

0 комментариев

Добавить комментарий