Самая рамантычная медсястра з Міёршчыны

 Медсястра афтальмалагічнага кабінета раённай паліклінікі Марына АХАЦІНСКАЯ сваё прафесійнае свята адзначыла на абласным конкурсе творчага майстэрства. Вярнулася з прыемнымі ўражаннямі, сертыфікатам і дыпломам «Самая рамантычная».

Конкурс сабраў восем удзельніц. Калоць уколы, вызначаць дазіроўку лекаў, бінтаваць рану і так далей медсёстрам не давялося. Іх чакалі зусім іншыя іспыты, з якімі падчас рабочых будняў не сустракаюцца.

– Самым складаным і цікавым для мяне стала дэфіле. Хадзіць па сцэне нас навучылі за сорак хвілін да пачатку спаборніцтва, – расказвае канкурсантка. – Дома падрыхтавалі прэзентацыю да конкурсу візітак, жартоўную сцэнку для тэатралізаванага эцюда. Таксама адно з дамашніх заданняў – здзівіць журы. Стварылі слайд-шоу пра адметнасці Міёршчыны. Дапамагалі рыхтавацца і падтрымлівалі на конкурсе галоўная медсястра Святлана Карпеза, медсёстры Людміла Тычко, Алена Мацур, Вольга Хахлова. Падказвала ідэі старшая медсястра паліклінічнага аддзялення Алена Януковіч. Загадчык Даўгінаўскай амбулаторыі Ганна Блажэвіч спякла торт у выглядзе карты Міёрскага раёна, яго выглядам і смакам таксама спрабавалі здзівіць суддзяў. Усім вельмі ўдзячна за тое, што былі са мной разам.

Для Марыны Ахацінскай гэта першы конкурсны вопыт. Угаворваць паўдзельнічаць яе не давялося. Са сцэнай знаёма. Займалася ў мастацкай самадзейнасці падчас вучобы ў Полацкім медкаледжы.

 Родам Марына з Дворнага сяла. У каледж паступала па мэтавым накіраванні, таму пасля вучобы вярнулася ў родны раён. Афтальмалагічны кабінет – першае працоўнае месца, куды ўладкавалася ў 2017 годзе і дзе занята да цяперашняга часу. Справу сваю любіць і лічыць цікавай. Дома яе чакаюць муж і дачушка-другакласніца Лера. Убачыўшы здымкі з конкурсу, адзначыла, што мама была самай прыгожай. Журы прысудзіла Марыне намінацыю «Самая рамантычная».

– Нават не ведаю, чым гэта абумоўлена. Па натуры я хутчэй аптыміст, чым рамантык, – усміхаецца медсястра. – Падчас конкурснай жараб’ёўкі мне выпаў першы нумар. Да перамогі не імкнулася. Цікава было проста паўдзельнічаць і атрымаць новы для сябе вопыт.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Марыны Ахацінскай.

0 комментариев

Добавить комментарий