Міярчанка Аляксандра марыць пра тэатр

 Выпускніца СШ № 2 імя М. Ізварына Аляксандра ВАСІНА даўно вызначылася з будучай прафесіяй. Старанна рыхтуецца да ўступных экзаменаў на тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Марыць служыць у тэатры і зняцца ў кіно.

Міёрскі глядач з Аляксандрай Васінай знаёмы. У мінулым годзе сыграла адну з галоўных роляў у спектаклі «Згублены ліст». У дзіцячых пастаноўках іграла Бураціна, Снягурачку. Сёлета юным гледачам прадставілі спектакль «Як Настачка ледзь кікімарай не стала». З ім тэатральны калектыў удзельнічаў у абласным конкурсе і заняў трэцяе месца. Ролю галоўнай гераіні іграла Саша і атрымала дыплом у намінацыі «Найлепшая актрыса».

– У дзяцінстве, пагля- дзеўшы мультфільм, ішла на вуліцу, збірала дзяцей, раздавала ім ролі, і мы абыгрывалі мультгісторыю на свой лад. Родныя ўспамінаюць, як ужо ў тры гады чытала вершы на сямейных святах, – расказвае суразмоўніца.

 Па-сапраўднаму Саша зацікавілася тэатрам у шостым класе. У нядзельнай школе ставілі калядны спектакль. Спачатку сумнявалася, ці зможа іграць, перажывала. Пасля выступлення зразумела, што хоча далей гэтым займацца. У тэатральны гурток пры РДК набіралі дзяцей з 14 гадоў. Для 12-гадовай Сашы зрабілі выключэнне. Цікавасць да сцэны з кожным годам расла. Разам з тым дзяўчынка паспявала добра вучыцца, актыўна ўдзельнічала ў школьным жыцці, часцей за ўсё ў якасці вядучай.

– Люблю быць на сцэне. Перад выхадам заўсёды хвалююся. Затым атрымліваю асалоду. Падчас спектакля пражываеш шырокі спектр эмоцый, які не адчуеш у паўсядзённым жыцці. Гэта адначасова і стамляе, і дорыць энергію, – адзначае юная актрыса. – Пасля праглядаю відэазапісы пастановак, аналізую сваю работу. Заўважаючы памылкі, строга сябе не крытыкую. Проста прымаю да ўвагі, над чым трэба больш працаваць.

Фільмы і серыялы глядзіць не як аматар. Разважае, як бы сама сыграла тую ці іншую ролю.

Родныя выбар Сашы падтрымліваюць. Радуюцца яе поспехам, прыходзяць на спектаклі і іншыя мерапрыемствы, у якіх прымае ўдзел. Супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці дапамагаюць рыхтавацца да экзаменаў. Іспыты ва ўніверсітэце прой-  дуць у тры туры: вакал і акцёрскае майстэрства, танец, эцюд.

– Захапленне тэатрам дапамагло зразумець, што я вельмі працалюбівая ў тым, што мне па-сапраўднаму падабаецца, – гаворыць Аляксандра. – Упэўнена, што выбіраю свой шлях. Наўрад ці знайду сябе ў чымсьці іншым.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий