Пасля зімовых святаў ход часу нібы запавольваецца, шэра-чорна-белыя дні здаюцца аднастайнымі. Толькі не ў школе. Тут жыццё віруе ў любую пару. Упэўніліся ў гэтым, завітаўшы ў школу ў Павяцці.
З 1 снежня 2022 года Павяцкая сярэдняя школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Віктара Аляксеевіча Бабічава. Камандзір гарматы 125-га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна 29-й стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту здзейсніў подзвіг 5 ліпеня 1944 года ў вёсцы Тычкі. У няроўным баі з праціўнікам дывізіён нанёс ворагу значны ўрон. Знішчылі машыну, чатыры матацыклы, два станкавыя кулямёты і дзясяткі гітлераўцаў. Пасля Бабічаў павёў салдат у атаку. Цяжка паранены, ён працягваў змагацца.
– У калектыве не ўзнікла рознагалоссяў, чыім імем назваць школу, – гаворыць дырэктар установы Алена Паўлоўская. – Выйшлі на сувязь са сваяком героя. На яго радзіме ў горадзе Ахтубінску Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі жыве ўнучаты пляменнік Пётр Гужвін. Ён паведаміў, што ў Бабічава ёсць двое ўнукаў. Іх таксама спрабуем адшукаць.
У вёсцы Тычкі на месцы баявых дзеянняў устаноўлены памятны знак Віктару Бабічаву. Яшчэ адзін мемарыял з’явіцца на тэрыторыі Павяцкай школы. Урачыстае мерапрыемства запланавана на 12 мая.
– Выбар даты невыпадковы. З пераможным маем асацыюем яснае неба і светлую будучыню, – заўважае Алена Вітальеўна. – У маі штогод ладзім мерапрыемства да Дня сям’і. Сёлета яно пашырыць змест. Без подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне не было б магчымым сямейнае шчасце цяпер.
Падрыхтавала Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажевіча.
Поўную версію артыкула чытайце ў выпуску газеты №5 "Міёрскія навіны".